September 30th, 2010

canabis

Ну, са сьвятам, дарагія перакладчыкі! :)

LOST IN TRANSLATION

Ты глядзела праз 
какетлівыя ружовыя акуляры
і разумела ўсе мовы безь перакладу.

Я сказаў, што дрэнна разумею тваю мову, 
а ты ўставіла мне ў вуха
спэцыяльную слухаўку –
і нябачны перакладчык
празрыста патлумачыў твае намеры.

На другі дзень 
ты ўручыла мне візітоўку,
напісаўшы пару словаў на адвароце.
Я зноў даў зразумець, што не разумею
безь перакладу – і ты пераклала
на маё пераносьсе
свае ружовыя акуляры.
Я зірнуў на візітоўку – і паружавеў.

На трэці дзень 
мы ўжо абыходзіліся бяз слухаўкі і акуляраў:
ты зьлёгку правяла
ўказальным пальцам па сваіх вуснах,
і, дзякуй нябачнаму перакладчыку, –
я адчуў гэты дотык на сваіх.

На чацьверты дзень 
мы засталіся сам-насам –
з табой і тым, нябачным.
Ты аблізнулася – 
і я да болю прыкусіў губу,
бо перакладчык ужо ўвайшоў у смак
і водар
тваёй памады.