September 29th, 2010

nohi

Такіёбр

Думаю, вэрлібры, напісаныя ў Токіё, па аналогіі з "Бэрлібрамі", можна сьмела называць такіёбрамі. :) Яшчэ адзін.

СТАРАЯ МЭТОДЫКА

Слухаю пажылую японку, 
што кажа пра новую мэтодыку
запісваць іх сказы,
а потым пракручваць і вучыць,
пачынаючы з апошняга складу.

Згадваю маленькую беларуску, 
што трыццаць год таму
так і ня скончыла сказу:
“Ведаеш, 
я 
цябе…”
nohi

Трымацца побач

Яны зьявіліся адзін за адным 
на мокрай ад дажджу веладарожцы.

Першы быў маленькі-маленькі, 
зусім яшчэ падлетак,
але як мог круціў педалі,
вязучы на багажніку старэйшую,
удвая большую за яго сяброўку.

Другі, ня маючы свайго, 
бег каля ровара дзяўчыны,
амаль задыхаючыся,
з усіх сіл стараючыся трымацца побач.

Трэці сам ехаў на ровары 
побач з жанчынай, якая ішла пешкі,
прычым павольна-павольна,
ён жа, ледзь ня падаючы,
стараўся не абганяць,
адной рукой трымаючы раўнавагу,
другой – парасон над ёй.

Я ледзь ня трапіў пад наступны ровар, 
задумаўшыся, хто зь іх
кахае мацней.