September 18th, 2010

nohi

* * *


У зьліву без парасона – быццам на пляжы бяз плавак.
Выходзіш з вады – і ўсе глядзяць на цябе: прыкольна.
Цэлую лекцыю вершы дыктуеш амаль бяз правак,
і канспэктуюць павальна, хоць разумеюць павольна.

У прыгажунь на шчаках модны трохдзённы румянец,
з усімі пафліртаваць – ня хопіць вуснаў і сквэраў.
Найлепшая на зямлі сказала, што ён паганец,
а ён ёй: “Ты пра паганства?” І сам сабе не паверыў.

Замест проста зьняць, дыскутуем на тэму: майткоў ці майтак.
Суч. бел. чырвоная кніга водгукаў на падушцы.
Усе бэатрычэ ў жж казалі: не перажывай так,
а ён і не перажыў – павесіўся на фрэндстужцы.

А вершы плывуць па шыбах, і што ім тая паперка,
бо зьліва з таго боку шкла дыктуе – усё нармальна.
Быццам Вэргілій навыварат падказвае нам зь люстэрка,
і разумеем павольна, і канспэктуем павальна.