September 14th, 2010

nohi

Аварыя

Раскажу пра сваю аварыю:
у аварыі вочы карыя.

Іх сваімі вачыма жэр я,
а яны раптам сталі шэрыя.

Я сьпяваў ёй такія арыі!
Вочы зноў зрабіліся карыя.

Я яе цалаваў пад клёнамі,
а яны ўжо былі зялёнымі.

Яна кажа: “Чакай! Ня трэба!”
Вочы сінія, нібы неба.

На парозе яе кватэры
іхны колер зноўку быў шэры.

А калі сказала: “Пайшоў ты!” –
нечакана зрабіўся жоўты.

“Бо твае замашкі агідныя!” –
кажа мне. А вочы – блакітныя.

Потым шэрыя зноў, як сталь.
Я амаль што пайшоў. Амаль.

Тут магла быць мараль: заўтра рана я
ёй куплю акуляры люстраныя.

Хай ніколі на сьвеце, ніколі,
яе вочы ня зьменяць колер!

Пагляджу ў акуляры – аварыя:
мае шэрыя вочы – карыя!