September 10th, 2010

nohi

ВАЙНА

Кожны раман – пра вайну. На пачатку – гульні ў вайнушку,
потым умоўны праціўнік падступна мяняе пол.
Як санітарку, у сьне абдымаю падушку.
А санітарцы ўжо пяць. Ёй цікавы ня я, а футбол.

Не ваяваць з настаўніцамі меў я цьвёрдае правіла –
і ваяваў з выхавальніцай у садку. Я сказаў ёй, што маю спадзеў
на ўзаемнасьць, бо мне хутка шэсьць. А яна мяне ў кут паставіла,
у дадатак – тварам да сьценкі, каб больш на яе не глядзеў.

Браць у палон аднакласьніцу – во дзе сапраўднае пекла:
неяк, пасьля віна і павольнай музыкі,
я ня змог расшпіліць ёй маланку на джынсах. Яна заплакала й зьбегла.
Толькі празь дзесяць гадоў я дазнаўся, што там былі гузікі.

Я тады ваяваў зь медсястрой: меў шчасьце зайсьці ў паліклініку.
Медсястра начамі залечвала мой зранены арганізм,
а потым сказала мне: “Вы, мужыкі, казлы і цынік на цыніку!”
“Цынік на цыніку – геі”, – кажу. А яна мне: “Вось ён, цынізм!”

Яе самотная мама ўпотай глядзела порна.
Параіла гнаць мяне ў шыю, бо невялікая страта!
Недзе праз год мама выйшла замуж паўторна.
Недзе праз два медсястра ўжо мела медбрата…

Аднойчы для дзьвюх бландынак чытаў я новы вэрлібр:
бландынкі былі сапраўднымі, вэрлібр – поўным фуфлом.
Потым абедзьвюх схапіў за каленкі, але, не зрабіўшы выбар,
так і заснуў між каленкамі – Бурыданавым, блін, аслом.

Адна брунэтка прасіла на ноч ёй расказваць казкі.
Я выдумаў нешта сярэдняе між Вонэгутам і Сінам.
“Чакай, ты заўсёды ўжываеш слова “блін” замест зьвязкі?”
Так я дазнаўся, што сплю з філолагам прафэсійным.

Раз заляцаўся да рыжай. Яна ламала камэдыю.
Раптам спытала, ці ведаю я, чым ёсьць клафэлін.
Дарма я ў прыліве шчырасьці прызнаўся ёй, што ня ведаю,
бо вельмі хутка пра гэта даведаўся, блін!

А потым была культурыстка, і гэта напраўду быў фініш.
Пазнаёміліся па абвестцы: “Шукаю сэкс-ідала!”
Раўнавала да ўсіх. Я пытаю: “Паб’еш ці адразу кінеш?”
Апошняе, што я запомніў: “Чакай, я яшчэ ня кідала!”

Межы ночы і дня зрабіліся хісткімі.
Зранку трасуся, па горла сыты ваеннай рамантыкай,
п’ю валідол і чытаю малітву з тугою:
“ГОСПАДЗЕ, ДАЙ МНЕ ЛАГОДЫ НЯ БЕГАЦЬ ЗА ДЫНАМІСТКАМІ,
МУЖНАСЬЦІ, КАБ НЕ ЗЬВЯЗВАЦЦА ЗЬ НІМФАМАНКАМІ,
І МУДРАСЬЦІ, БЛІН, КАБ ЗАЎСЁДЫ АДРОЗЬНІВАЦЬ ПЕРШАЕ І ДРУГОЕ!”