August 11th, 2010

nohi

Прага

разумею ахвоту блюзнерыць
бухаць, трахацца між магілаў
Макс Шчур

1.
Ён сказаў мне: “Не будзь ідыётам, хадзем, пазнаёмлю з дзявуляй!”
Я пагадзіўся. Дзявуля гудзела, як вулей.

Піла і паліла, смяялася, расказвала анекдоцікі.
Актыўна рэагавала на позіркі, словы і дотыкі.

Накрэмзала мне тэлефон на далоні – якраз на пагорку Венеры.
Сказала, каб я ёй званіў асцярожна, бо ёсць кавалеры.

Адзін працуе ў міліцыі. Другі ў дзяржаўнай бяспецы.
А мне ўсё адно, бо ў яе па вясёлцы на кожнай вейцы.

Бо ў яе на інтымных месцах татуаж: “мэнэ, тэкел, фарэс”.
Бо спявала ў моманты блізкасці: “Парус, парвалі парус!”

Калі ж прызнаваўся ў каханні, казала: яна не такая.
Чакала мяне, не гаворачы дзе, і ведала, што дачакае.

Купалася ў сонечных ваннах з аблокамі замест пены.
Каву піла проста з Вены. І кроў маю – проста з вены.

А потым прыйшоў кавалер і зламаў мне абедзве ключыцы.
Яна ж прадынаміла ўсіх і паехала ў Прагу вучыцца.


2.
Я прыехаў на майстар-класы як літаратар у Прагу.
Толькі ўбачыў яе – і адчуў знаёмую прагу.

А яна мне сказала шчыра: “Покуль ты збіраўся сюды,
у мяне развілася звычка каханкаў вадзіць на клады”.

Мы пайшлі на габрэйскія могілкі. Па дарозе курнулі траўкі.
Цалаваліся доўга і соладка над магілаю Франца Кафкі.

Сказала, што любіць паэзію. А я ёй: “Харошая справа”.
І куртку яе расшпіліў на магіле Нэзвала Вітэзслава.

А пад ёй – сексуальная майка з партрэтам Ларысы Геніюш.
Я вочы вылупіў, а яна мне: “Я ведала, ты зацэніш”.

Запытала ў мяне, ці маю сур’ёзны намер.
“Калі маеш, пайшлі на магілы кіраўнікоў БНР”.

Яна пяшчотна шаптала: “Ёлупень, боўдзіла, пераростак…
Заўтра мы будзем кахацца ў капліцы, зробленай з костак!”

Са склепу ў саборы святога Віта нас выцягнула ахова.
Што і казаць, майстар-класы прайшлі паспяхова.