August 4th, 2010

canabis

Яшчэ Ч. Мілаш

ЗАНЯПАД

Смерць чалавека – як заняпад магутнай дзяржавы,
Што мела вялікае войска, правадыроў і прарокаў,
Шмат багатых партоў і флот ва ўсіх акіянах,
А цяпер нікому не прыйдзе на дапамогу, 
                       ні з кім не падпіша міру.

Бо яе гарады апусцелі, жыхароў раскідала па свеце,
Зямля, што давала ўраджай, парасла пустазеллем,
Яе прызначэнне забытае, мова памерла,
Толькі трохі вясковых гаворак засталося высока ў гарах.


САКРАТАРЫ

Я толькі слуга невядомай, нябачнай рэчы,
Якая дыктуецца мне і некалькім іншым.
Сакратары, мы не знаем адно аднаго, раскіданыя па зямлі,
Разумеем няшмат. Пачынаем з сярэдзіны сказу,
Не дапісваючы да кропкі. А якое складзецца цэлае,
Нам не дазнацца – ніхто з нас яго ніколі не прачытае.


ДОКАЗ

Ты ўсё-ткі адчуў на сабе пякельнае полымя.
Ты б мог нават сказаць, якое яно: сапраўднае,
З завостранымі крукамі, каб дзерці мяса
Па кавалку, да костак. Ты па вуліцы ішоў – і трывала 
Смяротнае пакаранне, кроў сцякала з-пад бізуноў.
Ты ўсё помніш, а значыць няма сумневаў: Пекла існуе.