June 30th, 2010

canabis

Чэслаў Мілаш. З кнігі “Другая прастора” (2002)

Прывёз пару апошніх зборнікаў Мілаша. Аўтару вершаў было за дзевяноста.


КАЛІ НЯМА

Калі Бога няма,
то ня ўсё дазволена.
Бо чалавек – вартаўнік брата свайго,
і яму нельга засмучаць брата,
кажучы, што Бога няма.


АНЁЛ-АБАРОНЦА

Мой анёл-абаронца робіцца ў сьне жанчынай.
Не заўсёды той самай. Ён ведае: я, цялесны,
Патрабую любоўнага дотыку. Нашыя члены
Не зьліваюцца, але ёсьць
Блізкасьць і добрае паразуменьне.

Я ня верыў, што анёлы існуюць, але сны зьмяніліся.
І калі я нядаўна знайшоў пячору са скарбамі,
Мы разам цягалі мяхі – і я прасіў хоць хвіліну
Таго ранейшага сну, што прыносіў спакой.


ВЫСЛУХАЙ

Выслухай мяне, Госпадзе, бо я грэшнік, а таму ня маю нічога, апроч малітвы.

Збаў мяне ад дня, калі прыйдуць чэрствасьць і бяссільле.

Калі ні палёт ластаўкі, ні півоні, нарцысы й касачы на кветкавым рынку ня будуць для мяне знакам Тваёй славы.

Калі насьмешнікі аточаць мяне, а я не змагу прыгадаць – супраць іх аргумэнтаў – ніводнага Твайго цуду.

Калі я падамся сабе ашуканцам і махляром, бо ўдзельнічаю ў рэлігійных абрадах.

Калі зьвінавачу Цябе ва ўсясьветным законе сьмерці.

Калі ўжо буду гатовы схіліцца перад нябытам, сказаць, што жыцьцё на зямлі – д’ябальскі фарс-вадэвіль.


НОВЫ ВЕК

Цела ня хоча слухаць маіх загадаў.
На роўнай дарозе падае, ня можа падняцца па сходах.
Стаўлюся да яго сатырычна. Высьмейваю
Сьлепату, вяласьць мышцаў, ногі, што ледзь валачу, –
Усе адзнакі глыбокае старасьці.

На шчасьце, я і далей уночы складаю вершы.
Хоць, калі запісваю зранку, не магу іх пазьней прачытаць.
Добра, магу павялічыць літары на кампутары.
Да якога дажыў, што само па сабе дасягненьне.