April 21st, 2010

nohi

Госьць з будучыні

 …Будучыня здарыцца з усімі.
                        Леанард Коэн

1.
Пайшоў па кефір, а ў малочнай краме – бухло.
Выходжу, а побач – мэтро. Раней не было.

Дзе быў аўтамат, зь якога піла газіроўку мая аднакласьніца, –
білборд з кока-колай і графіці ХАЙ УСЁ ЛЯСЬНЕЦЦА!

Іду на заняткі. Куды, блін, падзелі школьную форму?
Пазнаў сваю школу толькі па якасьці корму.

Дзе мае аднакласьнікі мірна гулялі ў чу, –
шэпты з-пад лесьвіцы:
– Ну давай!
– Не хачу.

У класе вядомы сваім атэізмам настаўнік гісторыі
знаёміць вучняў з Эвангельлем і фрагмэнтамі Торы.

– Будзеш,– пытае ў адной, – чыніць пералюб?
                                   – Буду. Чыню.
Толькі цяпер разумею: я трапіў у будучыню.

Беларусіца абвесьціла тэму, галёрка цыдулкамі спаміць.
Восем дзяўчатак і (сьпінай да дошкі) малец у майцы “Messi”.
Як дваццаць пяць год таму, чытаю вершы на памяць.
Сорак хвілін на вершы і пяць на аўтограф-сэсію.

Пасярэдзіне верша з дурацкай назваю
забываю словы. Беларусіца падказвае.

Collapse )