April 14th, 2010

nohi

Верш з двума нецэнзурнымі словамі :)

СЬЦЁБНЫЯ ПАЭТЫ

Покуль валошкі цьвітуць над прорваю ў жыце, 
слухайце, што кажу, ды іншым перакажыце!

Покуль небёсы блакітныя й смак вады не іржавы, 
покуль зямля яшчэ круціцца песенькай Акуджавы, 
сьцёбных паэтаў ганіце з нашай дзяржавы!

Покуль сонца белліту яшчэ ў зэніце – 
       прэч іх ганіце!

Покуль на вечарынах дзеўкі запальваюць сьвечкі – 
       ганіце прэчкі!

Лірыкі ад сахі й студэнткі-філалагіні,
прэч іх ганіце, іначай усё загіне!

Там, дзе сьвятое, дзе нашы душы рукаюцца, 
гэтыя вырадкі мацюкаюцца!

Вершаў ня носяць ні ў “Маладосьць”, ні ў “Полымя” ,
толькі здымаюцца голымі!

Там, дзе пісалі крывёй аб галоўным,
       весела клоўнам!

Ледзь залунае штандар Адраджэньня – 
       дулі ў кішэні!

Нашай дзяржаўнасьці першая спроба – 
       тэма для сьцёбу! 

Гэта ня лечыцца, блядзь!
Усіх расстраляць!

Выслаць усіх пажыцьцёва, але не ў Румынію,
каб не на Чорным моры згадвалі сінюю-сінюю!

Хай папакутуюць, хай папакуюць цёплыя рэчы,
а калі хто загнецца зусім, на сухоты хварэючы –

узгадаем няздару, які праваліў свой тайм,
і адзіны нясьцёбны верш яго прачытаем.

Адкаркуем бутэльку, закускі насмажым.
Пасядзім удваіх – і трэцяму падалькажым.