April 12th, 2010

nohi

Чэслаў Мілаш

1.49 КБ
У ВАРШАВЕ

Што робіш, паэт, на руінах 
Сабора святога Яна
У цёплы вясновы дзень?

Пра што ты думаеш тут, 
Дзе вецер нясе ад Віслы 
Пыл чырвонае крушні?

Ты кляўся ня быць ніколі
Плакальніцай жалобнай.
Ты кляўся не дакранацца
Да ранаў свайго народу,
Каб іх не зрабіць сьвятыняй,
Праклятай сьвятыняй, насланьнем
Тваіх далёкіх нашчадкаў.

Ды гэта плач Антыгоны, 
Што не знаходзіць брата,
Ды гэта звыш чалавечай
Меры. Сэрца – як камень,
Дзе жамярыцай замкнулі
Зерне цёмнай любові
Самай няшчаснай зямлі.

Ці так я хацеў кахаць,
Ці пра гэтае марыў?
Ці так я хацеў шкадаваць,
Ці пра гэтае марыў?
Маё пяро мне здаецца
Лягчэйшым за пёры калібры. 
Мне гэткі цяжар не пад сілу.
Як жыць у гэтай краіне,
Дзе наступаеш на косьці
Непахаваных блізкіх?
Галасы чую, бачу ўсьмешкі.
Як пісаць мне? Пяцёра рук 
Хапаюць маё пяро
І кажуць пісаць гісторыю
Іхных жыцьця і сьмерці.
Ці плакальніцай жалобнай
Мне стацца наканавана?
Не, пяяцьму людзкія сьвяты,
Залатыя гаі, да якіх
Мяне ўводзіў Шэксьпір. Пакіньце
Хвілю радасьці для паэтаў,
Бо інакш загіне ваш сьвет.

Вар’яцтва жыць без усьмешкі
І паўтараць два словы,
Зьвяртаючыся да мёртвых,
Да вас, чыім лёсам
Мусіла быць весялосьць
Думак, пачуцьцяў, песень, бяседаў.
Два ўратаваныя словы:
Праўда і справядлівасьць.

Collapse )