March 10th, 2010

canabis

Заснаваная прэмія часопіса "ПрайдзіСьвет"

8.76 КБ Часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСьвет” і Беларускі ПЭН-Цэнтар абвяшчаюць пра заснаваньне першай штогадовай літаратурнай прэміі для беларускіх перакладчыкаў – Прэміі часопіса “ПрайдзіСьвет”.

Сёлета прысуджэньне ўзнагароды адбудзецца ўпершыню, і яе ляўрэатамі будуць абвешчаныя перакладчыкі, чые творы зьяўляліся ў друку цягам 2009 году. Абраньне найлепшых у галіне мастацкага перакладу адбудзецца па трох намінацыях: 1) “Проза”; 2) “Паэзія”; і 3) “Публікацыя ў часопісе “ПрайдзіСьвет”.

У склад журы прэміі ўваходзяць:

1) Ганна Бутырчык, літаратуразнаўца, выкладчык замежнай літаратуры;
2) Зьміцер Колас, перакладчык, выдавец;
3) Марыйка Мартысевіч, паэтка, перакладчыца, літаратурны крытык;
4) Барыс Пятровіч, пісьменьнік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”;
5) Сяргей Сматрычэнка, перакладчык;
6) Аляксандр Фядута, літаратуразнаўца;
7) Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, выкладчык замежнай літаратуры;
8) Ціхан Чарнякевіч, літаратурны крытык.

Доўгі сьпіс прэтэндэнтаў на прэмію быў сфармаваны сябрамі рэдакцыі часопіса з улікам прапановаў сябраў журы.

Абвяшчэньне пяцёркі фіналістаў у кожнай намінацыі – шорт-ліста – адбудзецца ў другой палове красавіка. Шорт-ліст складзецца ў выніку матэматычнага падсумаваньня балаў, якімі сябры журы надзеляць найбольш вартыя, на іх думку, творы.

А ўганараваньне пераможцы - па выніках канчатковай нарады журы - пройдзе ў канцы траўня і будзе прымеркаванае да гадавіны часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСьвет”.

Тут можна азнаёміцца з ДОЎГІМ СЬПІСАМ кандыдатаў на прэмію.