February 13th, 2010

chkalava

ЖЫЦЬЦЁ ПРЫЎКРАСНАЕ

Насамрэч і Новы год даўно мінуў, і перакладчыку тэкста, які зьмяшчаю ніжэй, сёньня ня 34, як лірычнаму герою, а 37. Але ўсё адно захацелася вывесіць вось гэты пераклад з класнага сучаснага грузінскага паэта Зьвіяда Ратыяні.


СЬНЕГ, СЬНЕГ. ЖЫЦЬЦЁ ПРЫЎКРАСНАЕ

Жыцьцё прыўкраснае. Прачынаесься на пачатку
сёмае і запальваеш ялінку. Як файна міргаюць
яе рознакаляровыя агеньчыкі. Жыцьцё
прыўкраснае. Дзеці сьпяць. Дарослыя сьпяць таксама. Сьнег
ідзе, здаецца, сёлета першы.
Сьнег ідзе – і віднее. Трыццаць чатыры –
шапчу я сабе. Не, ня тое. Трыццаць чатыры –
паўтараю гучней. Зноў ня тое. Нешта ня так
з гэтай лічбай, але менавіта
столькі мне стукнула сёньня. Маю прынамсі
паўгадзінкі. Можна сядзець і пісаць. Ды не,
не магу. За акном забрахаў сабака, і так зацята,
я нават падумаў, што гэта надоўга,
але ён адразу прыціх. Жыцьцё
прыўкраснае. Хутка віднее,
і мне ўжо наперад агідны гэты
дзень. Я не пра жыцьцё наогул, жыцьцё
прыўкраснае. Жыць я люблю. Мне агідны
вось гэты канкрэтны дзень:
брысьці па слаце (сьнег у нас не трымаецца доўга),
прымаць віншаваньні (калі павіншуюць), і дзякаваць
(помні пра міміку). Хутка віднее,
агеньчыкі ў дзённым сьвятле
міргаюць ужо ня так файна. Жыцьцё
прыўкраснае. Вось і дачка бяжыць да акна,
крычыць на ўвесь дом: “Сьнеег! Сьнееег!”
Малодшы, хоць і ня ведае, што гэта – сьнег, таксама
цешыцца, скача ў ложку. Можна было здагадацца,
што дзень пачнецца вось так, прачнуўшыся на пачатку
сёмае й першым убачыўшы сьнег за акном. Дачушка,
гэты сьнег – несапраўдны:
гадзінка-другая – і ён растане, ператворыцца ў гразь,
гэты сьнег такі ж недарэчны, як лічба трыццаць чатыры,
бяздушны, нібы агеньчыкі на ялінцы ў дзённым сьвятле,
сьмешны, быццам твой татка за пісьмовым сталом.
Але ўсё гэта словы, дачушка, дрэнныя словы, а сьнег цудоўны,
і твой татка яшчэ нішто сабе. І пакуль ён ня выйшаў з дому,
у горад, дзе гэты сьнег яшчэ не зьмяшалі з гразёй,
шапні яму штосьці, няважна што, проста любое слова,
хай нават бязглуздае трыццаць чатыры, і ён
зробіцца прыгажэйшым, чым быў, і лёгка пакрочыць
па мокрым сьнезе, і будзе прымаць віншаваньні і дзякаваць,
і, можа, хоць нейкі час ня думаць пра тое, якім
складаным стала жыцьцё і якімі
простымі сталі жаданьні. Жыцьцё
прыўкраснае.