January 25th, 2010

nohi

Урокі гісторыі

Гісторыя – паўтузіна хітоў,
астатняе – паўтораў паўмільёна.
Зямля стаіць на чарапах кітоў,
а ў іх тры вязьні – ён, яна і Ёна.

Гісторыя, вядомая здаўна,
паўтораная ўсім мікрараёнам:
ён безь яе ня можа, а яна
праз рыбу перастукваецца зь Ёнам.

Адзін – бамбіза па мянушцы Кіт,
праклён садка, вар’ят шасьцігадовы,
найбольшы ў групе і заўжды гатовы
памерці за вачэй яе блакіт.

Другая ж беражэ сваё дабро:
схапіў за коску – кропка, азьвярэньне…
А потым мацаў з раніцы рабро,
сьвяткуючы свой сёмы дзень варэньня.

Пасьля званіў і ў слухаўку маўчаў.
Яна прывыкла чуць знаёмы подых.
Кахала Ёну, ды сказала “chao”,
бо мроіла аб нейкіх антыподах.

Вялікай чарапахай дні паўзьлі.
Губляючы дзіцячыя адзежы,
яна і Ёна з двух бакоў зямлі
плылі, як дзьве кітовыя відзежы.

А ён і зараз гэту пекнату
прыгадвае шаснаццацігадовай:
каханьне, што прысьнілася кіту,
і свой заплыў у галаве кітовай.

Плылі, не пакідаючы сьлядоў,
пакуль вада сьцялілася абрусам,
і перастук у чарапах кітоў
палохаў чарапаху землятрусам.