January 7th, 2010

chkalava

Мэры Крысмас, Джызус Крайст!

Пераклалі з Марыйкай Мартысевіч "Мэры Крысмас, Джызус Крайст!" Жадана. Марыйка - большую частку, я - два невялічкія фрагмэнты, якія тут і вывешваю. Як гаварыцца, мэры Крысмас!


ЯЗЭП ЗАЙМАЕЦЦА САМААНАЛІЗАМ І МЭДЫТАЦЫЯМІ

чорныя пальцы майго ісуса якімі ён трымае зярняты шыпшыны
калі саранча асьцярожна сядае яму на плечы
ад іхнага дотыку сьцены кранае іней
а ён у заплечніку носіць люстэркі з нэпалу й званочкі авечыя

як срэбраныя відэльцы ягоныя белыя косьці
пазногці яго як азёры дзе сьвецяцца лямпы
таму я ў яго прысутнасьці заўжды пачуваюся госьцем
нават у доме сваім дзе пасьля яго застаюцца шэпты нібыта дамбы

калі ён плакаў то ціха зьвінелі ягоныя пацеркі
калі ён спаў на яго павеках віселі кроплі бурштыну
ён так гаварыў нібы запаўняў нябачныя ўпадзінкі
што побач былі ды не запаўняліся й на траціну

цяпер калі ўсе гавораць што ўсё адсюль пачалося
я думаю што напраўду пра іншае месца мова
бо нават калі прарочаць што прыйдзе здалёк сьвятло – усё
роўна гэта ня значыць што прыйдзе своечасова

а так я ведаю што ягоныя локці й калені
маюць водар дажджу маюць каштоўнасьць зброі
маюць смутак нібыта ільвы ў вязеньні
маюць лёгкасць нібыта зэбры на вадапоі

і ты ўсё адно паверыш калі яшчэ не ўдалося
вось восы хаваюцца ў яго валосьсі
вось восы займаюцца нейкаю важнаю справаю
паміж левай яго рукою і праваю


* * *
…марыя гатуе грэнкі сярод ільдоў
вакол зімовыя дрэвы й цэрквы ў сьнягах
зьвяры ўваходзячы сонна да халадоў
ёй подыхам грэюць лазовікі на нагах

у ейным доме ва ўсіх пакоях яе
чаплі сядзяць на галінах у кожным куточку
і падае белы град і ноч настае
быццам нябёсы развальваюцца на шматочкі

яшчэ на поўнае неба дыхаюць лёгкія
яшчэ адліга няўпэўненая такая
яе малітвы яшчэ кароткія й лёгкія
яе цяжарнасьць яшчэ толькі перацякае

Увесь пераклад на "ПрайдзіСьвеце"