December 31st, 2009

canabis

Пераклады зь Вячаслава Купрыянава

***

каханая
не пужайся
я не павесіўся
проста мой плашч
зачапіўся за сук
на якім мы сядзелі

каханая
не хвалюйся
мне не адсеклі голаў
проста восеньскі вецер
гоніць за сабою
мой капялюш

каханая
не спыняйся
я не патану
проста што мне было рабіць
без плашча і капелюша
толькі з моста
ды ў ваду


ЧАС КАХАЦЬ

Хто кахае, той ведае,
Што кахання не хапае
Тым, хто кахае.

Але тым, хто не кахае,
Кахання хапае,
Бо ад тых, хто кахае,
Кахання застаецца на ўсіх,
Хто не кахае.

Лепей кахаць
І памнажаць каханне,
Чым не кахаць,
Але памнажацца –
Інакш за часам кахаць,
Хоць бы тых, каго няма,
Прыходзіць час,
Калі няма
Каму кахаць.

А за часам, калі
Няма каму кахаць,
Прыходзіць час,
Калі кахаць няма каго.

Тады час
Ужо не прыходзіць.


***

Ад ейнага адзінага пацалунку,
перш чым памерці,
ён доўга намагаўся выжыць,
прыкладаў да вуснаў снег, палын, дакранаўся
да белай кары бярозы, блукаў начамі,
шукаючы азёраў, настаяных
на карэньчыках зор, што ўпалі на зямлю,
захутваўся ў туман,
ратаваўся далёкай дарогай,
сном, у якім яна была падобная да астатніх, –
яго доўга лекавалі іншыя рукі,
яго загаворвалі іншыя вусны,
яму прапісвалі шум прыбою, звон посуду,
і ён доўга-доўга намагаўся выжыць,
і ўсё-ткі гадоў праз сорак памёр,
так і не паспеўшы адчуць перад смерцю,
ці то цяпер яны нарэшце будуць разам,
ці то адно цяпер
яны развіталіся назаўсёды.

Пераклад з расійскай.

Больш перакладаў на "ПрайдзіСьвеце".
chkalava

Ну, з наступаюшчым! :)

Робячы гэты пераклад, так захапіўся, што пачаў сам разьвіваць тэму. Атрымалася хутчэй навагодняе, чым каляднае. І трохі даўжэйшае, чым арыгінал: так я, відаць, спрабаваў кампэнсаваць якасьць колькасьцю. :)
З Новым!

* * *
               Помолись лучше вслух, как второй Назорей...
                                             Іосіф Бродзкі

Сьнег ідзе, пакідаючы ў меншасьці год.
Прадавачкам два тыдні раскошы:
мандарынкі з шампанскім – і будзе даход,
покі ў нас не закончацца грошы.
Прыляціць Мікалай у калядных санях.
Надаюць аднакласьніцы бусек.
У спартзалі ялінка ў сьвяточных агнях,
а пад ёй – хто б вы думалі? Трусік.
І запаляцца сьвечкі, і створаць інтым,
і прыедзе ў паўночным трамваі
прыгажуня-Сьнягурка, і ганьба ўсім тым,
хто казаў, што яе не бывае!
Не замерзьні, глядзі! Ты і сам Дзед-Мароз,
сіні нос для цябе не пытаньне,
сівізна ў бараду, а спыніцца – ня лёс.
Бачыш зорку? Загадвай жаданьне!
Загадай пра сябе, як Другі Прэзыдэнт,
каб бацькоў сваіх слухалі дзеткі;
каб каханкі ня зьмерзьлі на вуліцы ўшчэнт,
пад футэркам хаваючы кветкі;
Міколай-кансьпіратар, стары дысыдэнт,
падарункі схаваў у шкарпэткі
і, чытаючы верш за калядны прэзэнт,
не зваліўся ніхто з табурэткі.