December 23rd, 2009

nohi

RIP

9.20 КБ

Гэты верш Вера Рыч, ангельская паэтка і перакладчыца зь беларускай і ўкраінскай, апублікавала 11 сьнежня, за некалькі дзён да сьмерці. Сьветлая памяць!

ЗАПОЗЬНЕНАЕ ВІНШАВАНЬНЕ

Даруй, калядную паштоўку
Шлю не да сьвятаў, а цяпер:
Грып падскасіў тваю сяброўку
І ёй было не да папер.
Мой доктар кажа: “Вірус – зьвер,
І лекі – болей не ахова.
У гэтым горадзе, павер,
Такога «шчасьця» дастаткова!”

Пяць дзён да сьвятаў, і я зранку
Сядаю за паштоўкі… Не!
Чарговая неспадзяванка,
А зь ёю праца для мяне:
Пісаць аб крызысах, вайне
І росьце цэн – абавязкова,
Бо сёньня ў кожнай навіне
Такога «шчасьця» дастаткова.

Нарэшце сьвята! Да бяседы!
І я ўздымаю першы тост:
“Хай нас мінаюць сум і беды,
Хай нам удача ў поўны рост!
Віном, гарэлкай скончым пост.
Джын, віскі, ром – усё гатова.
Дык будзьма! Cheers! Na zdrowie! Prost!”
Такога шчасьця дастаткова!

         ПАСЫЛКА

Дазволь, як дыкенсаўскі Цім,
Напрыканцы прамовіць слова:
“Дай Бог здароўя нам усім!”
Дальбог, для шчасьця дастаткова!

Collapse )