October 26th, 2009

canabis

Анатоль Сыс (1959-2005)

15.58 КБ

Як жыў я бяз солі

Ахвярую Алесю Наўроцкаму

як жыў я бяз солі
сек дровы
параніў палец
а кроў нішчымная

араў поле
да сёмага поту
і пот нішчымны

калі ж ад’яжджаў –
цалаваў маці
а вусны як немаўляці

і як жыў я бяз солі?
Хацеў бы паплакаць
ды вочы ня мелі волі


Перад цыганскім дажджом

Не зь Дняпра, гэта з воч рыбакоў вырастае вясёлка,
вось-вось-вось перакуліцца воблак з цыганскім дажджом,
быццам з дробнаю рыбай кульнецца кашолка,
і луска заіскрыцца пад сонцам жывым серабром,

як маністы на нітку, на промні наніжуцца кроплі,
Перуновы вятрыска абудзіць сурму за Дняпром,
Сурмачовае граньне палоніць, як боскія крокі,
валацужлівы воблак за сонца сплыве, як паром.


Старасьць

Мірна пасьвяць мудрыя кітайцы
песьнямі валоў сваіх рахманых.

Птахі пахнуць белаю акацыяй,
песьні пахнуць белымі туманамі.

Вечарына памяці паэта.