September 30th, 2009

canabis

Забойны аддзел Богдана Задуры

14.80 КБ





Ня так даўно Ігар Бялоў навёў мяне ў сваім ЖЖ на гэты вершык прыўкраснага польскага паэта Богдана Задуры. Сёньня, як вядома, міжнародны Дзень перакладчыка, а Задура сам ня толькі добры паэт, але й не абы-які перакладчык з украінскай, і ў апошні час усё больш - зь беларускай мовы. Вось жа, не магу ў гэты цудоўны дзень не перадаць перакладчыцкага прывітаньня шаноўнаму Богдану. Хочацца верыць, што 23 кастрычніка сам аўтар даедзе да Менску - і мы зь ім разам зможам пачытаць гэта дзьвюма мовамі.

Богдан Задура

ЗАБОЙНЫ АДДЗЕЛ НЕ ПАДМОЧЫЦЬ РЭПУТАЦЫІ
(з постмандэльштамаўскіх вершаў)

Мочым панка, мочым эма, мочым готку
За радзіму, за народ, за гонар продкаў
Мочым левых прэзыдэнтаў, камунякаў
І паскуду, што ў пад’езьдзе нам накакаў

Мочым дзеда (бо мы самі – дзедаўшчына)
Мочым духа – у імя айца і сына
Лесьбіянак, трансвэстытак і пэдрылаў
Бо пэдрылаў не мачыць ня маем сілаў

Мочым суддзяў (і футбольнага – на мыла
Будзе ведаць: піва – сіла, спорт – магіла)
Мочым рускіх, немцаў – чыста і канкрэтна
Мочым афрамонтэнэграў – так карэктна?

Мочым яблычкі для вэгетарыянцаў
Тыдні тры на іх працягнуць і – бяз шанцаў
Мочым клоўнаў, бо ня трэба нам сатыры
Хто адмочыць жарт – замочым у сарціры

Мочым кілера, што паліць на балконе:
Кропля яду – здохне конь, а мы за коней
Цягне дзеўка збан малінаў? Мочым дзеўку
Каб ня выскачыла замуж неўспадзеўку

Мочым пшэкаў, бульбашоў, арабаў, хачыкаў
І Задуру, і ягоных перакладчыкаў
Мочым курву – можа, зробіцца сьвятая
А пра Рушдзі ўжо ніхто не памятАе

Collapse )

P.S. Была яшчэ вэрсія:
"Мочым сёньня ўсіх жыдоў і раварыстаў
І спартанцаў, бо нашто нам цэлых трыста",
але яна не ўвайшла ў канчатковы варыянт. Са сьвятам, дарагія перакладчыкі!
canabis

А вас віншуюць са сьвятам перакладчыка? :)

Тут "ПрайдзіСьвет" павіншаваў мяне, ня толькі зьмясьціўшы на сваім цудоўным сайце маё самазакаханае інтэрвію, але і вывесіўшы юцьюб, дзе я сьпяваю "Знакаміты сіні плашч" Леанарда Коэна ў сваім перакладзе.

Дзякуй дарагім "прайдзісьветам"!

Шкада, сам не магу тут са свайго ноўтбука паслухаць. Так што, калі ласка, не праходзьце міма і падзяліцеся ўражаньнямі. :)
nohi

Фальшывыя сябры перакладчыка

Ён верыў у Дзеда-Мароза, яна ў выкраданьне Эўропы,
яго бацькі ў камунізм, яе бацькі ў гараскопы.
Ён – лютаўскі Вадалей, яна – верасьнёвыя Шалі,
і ейныя тата і мама яго на першых парах запрашалі.

Ейныя продкі былі элітай яйкагаловай:
бацька – доктар навук, маці – проста мэгера.
А кавалер іх дачкі меў тады восем з паловай,
і ўсе яго звалі Гоша, яна ж называла – Гера.

Яна ў свае сем была вундэркіндам і нават ведала троху
лаціну. Сказала яму: “Carpe diem! Перакладзеш з Гарацыя?”
Ён дома аскуб адрыўны каляндар. Пасьля стаяў на гароху,
бо бацька ня трапіў тады на цягнік, а ў бацькі рука гарачая…

Празь дзесяць гадоў ён сустрэў яе на ўзьбярэжжы Юрмалы.
Убачыў – і крочыў за ёю ў ваду, адчуўшы юр не малы.
Яна крычала: “тану!”, а ён: “не патонеш, мячык!” –
і перакладаў яе з хвалі на хвалю, як перакладчык.

Яна яму: “што ты робіш?”, а ён у адказ: “то и делаю!” –
і цалаваў яе проста ў Балтыйскае мора.
Потым ён жартаваў, што вышэйшы на цэлую
галаву. А яна яму: “Цэлую? Ты ж на яе – хворы!”

Ейны бацька сказаў: “Валіў бы ты ў войска, лепш у памежнікі!”
Ён адказаў: “Carpe diem! Гэта з паэзіі Рыма”.
Потым дадаў: “Вы – вяршкі грамадзтва, мы – яго вершыкі”.
Потым ляснуў дзьвярыма.

Ейная мама на кухні да ранку рыдала, як плачка,
павучала дурніцу восем гадзінаў запар:
“Доча, калі ты хочаш у лінгвістычны на перакладчыка,
ён – твой фальшывы сябар!

Хочаш на перакладчыка – менш паэзіі!
Хочаш у лінгвістычны – сябруй з галавою!”

Уночы яна прысьніла, што яму галаву адрэзалі,
і яна размаўляла зь ёй, як з жывою,
любавалася ўсьмешкай зь беларусьфільмаўскім прыкусам
і пахавала ў вазоне з маміным фікусам…

Хтось назаве ўсё гэта казкай ці містыкай,
іншыя скажуць: “Жыцьцё – тэатар, які пачынаецца зь вешалкі”.
Сёньня яна працуе высокааплатнаю сынхраністкай.
Ён сядзіць у яе на шыі, перакладаючы вершыкі.