September 26th, 2009

canabis

Чырвоная кніга, або Я зайздрошчу табе, Анджэй!

Дзіўна, за тыя пару гадоў, што цікаўлюся сучаснай літоўскай паэзіяй, я пасьпеў перакласьці ажно два вершы з аднолькавай назваю “Чырвоная кніга”. Першы верш належыць Уладасу Бразюнасу, Collapse )

А вось аўтар другой “Чырвонай кнігі”, Эўгеніюс Алішанка, зараз у Менску, і тэкст ягоны мы згадвалі ўчора ў кавярні “Стары горад”, у таварыстве літоўскіх, польскіх, украінскіх і беларускіх літаратараў.


8.56 КБ чырвоная кніга

я езьдзіў з гораду ў горад
пытаючы
дзе жывуць самыя прыгожыя жанчыны
марты марыі дульсынэі
жаданыя і самотныя
на сёмым небе і на сёмым месяцы
мужчыны ня вельмі на гэтым зналіся
а я не даваў веры макіяжам мадэльных агенцтваў
зьбіраў чуткі плёткі скаргі
не абмінаў ні бардэляў ні касьцёлаў
не саромеўся й сам агледзець
мне былі патрэбныя дакладныя зьвесткі
пра папуляцыю што зьнікае ў эўропе
і толькі крыху захавалася ў яе ўсходніх
парослых лесам рэгіёнах


Дык вось, сам Эўгеніюс сядзеў насупраць і толькі загадкава ўсьміхаўся, пакуль польскі паэт Тадэвуш Дамброўскі 28.53 КБ сьпяваў гімны беларускім жанчынам. “Ва ўсім сьвеце крычаць, што самыя прыгожыя – полькі! – гарачыўся Дамброўскі. – Няпраўда, сёньня я зразумеў, што гэта зусім ня так! У мяне цэлы дзень баліць шыя! І ўсё праз вашых прыгажуняў! Я зайздрошчу табе, Анджэй!” (Гэта ён мне, мяшаючы бівер з крамбамбуляй.) “Ну прызнайся (гэта ўжо Алішанку), што свой верш ты напісаў пра беларускіх жанчын, яны ж самыя прыгожыя!”

Але адказаць Эўгеніюсу было няпроста. Ён толькі пераводзіў вочы зь літоўскіх прыгажунь, паэтак Дайвы Чапаўскайтэ і Агне Жагракалітэ, на ўкраінскую красуню Таню Малярчук – і шукаў дыпляматычнага адказу.

А дванаццатай “Стары горад” зачыніўся, усе літоўцы пайшлі спаць, а ў Дамброўскага толькі адкрылася другое дыханьне. І баль працягваўся ў польска-ўкраінска-беларускім складзе, у іншай кавярні. Тадэвуш працягваў зьмешваць гарэлку зь півам і апяваць прыгажосьць па-беларуску (цяпер удзячных слухачоў стала ўдвая болей, бо да нас далучыўся паэт Дзіма Дзьмітрыеў). “Вы не паверыце, я хаджу і паўсюль спатыкаюся, бо не гляджу пад ногі, і ўсё празь беларускіх дзяўчат!” – казаў ён, цягнучы танчыць Таню Малярчук, якая ў гэты вечар стопудова мусіла адчуць сябе беларускай.

P.S.Усіх удзельнікаў і ўдзельніц учорашніх падзеяў можна пабачыць і паслухаць сёньня ў “Доме дружбы”. Пачатак а 16. Сам пачытаю недзе пасьля 19.