September 21st, 2009

canabis

Яшчэ Сардынія. Пэсоа

Сёньня (фактычна ўжо ўчора) упершыню ў жыцьці скупаўся ў Міжземным моры. І вось пра што падумалася. У францускіх паэтаў ёсьць зацяганая рыфма, кшталту “кроў - любоў” – “mer - amer” (“мора – горкае”). Я раней думаў, што гэта чыстая графаманія бяз сэнсавай падаплёкі, бо мора НЯ ГОРКАЕ, а САЛЁНАЕ. Дык вось, Балтыйскае і Чорнае – так, салёныя. А Міжземнае настолькі салёнае, што менавіта горкае, і зусім францускія паэты ня хлусілі.

Дзьве гадзіны слухаў фантастычныя фальклорныя песьні на мове сардаў, а таксама на розных іншых італьянскіх дыялектах. Потым бадзяўся па гарадку Альгера - і слухаў каталанскую мову, якой там амаль столькі ж, колькі італьянскай. Скончылася тым, што ўпершыню ў жыцьці пераклаў вершык з партугальскай. У арыгінале – геніяльны тэкст. Аўтар – адзін з найлепшых паэтаў ХХ стагодзьдзя Фэрнанду Пэсоа. Тое, што ў мяне, пакуль чарнавік, так што крытыка вітаецца. (Дарэчы, больш Пэсоа па-беларуску можна будзе прачытаць у перакладах маіх цудоўных сябровак па “Перакладчыцкай майстэрні” - на сайце “ПрайдзіСьвет”, які праз пару дзён абновіцца, не прапусьціце! :)

ФЭРНАНДУ ПЭСОА

АЎТАПСІХАГРАФІЯ

Паэт ня шчыры ніколі,
хоць праўда ў кожным сугуччы
баліць прыдуманым болем,
калі сапраўды балюча.

А потым яго чытач
ня двум гэтым болям, а трэцяму
дасьць веры й даверыць свой плач,
хоць не павінна балець яму.

Так круціцца па-вар’яцку
і плача сьлязой чужой
катрынка, машынка, цацка,
што людзі завуць душой.


Collapse )