September 19th, 2009

canabis

Краіна кантрастаў

Прыляцеў сёньня ўвечары на чароўны востраў Сардынію. Першы ж надпіс, які трапіўся мне на вочы, абвяшчаў: "Сардынія - гэта не Італія". Я ў школе трохі вучыў геаграфію, але пасьля некалькіх гадзін у Рыме і некалькіх гадзін у горадзе Сасары амаль гатовы пагадзіцца.

Рымскі аэрапорт напружыў, як яшчэ ніводзін дагэтуль. (А я бачыў розныя, і ўжо думаў, што пасьля пошукаў у мяне наркотыкаў у Багаце меня нішто больш ня зьдзівіць... каб жа ж!) Даслоўна за 5 хвілін да запланаванай пасадкі нам абвяшчаюць, што пасадка на наш самалёт будзе зь іншага, супрацьлеглага куточка аэрапорта. Можаце ўявіць, як я і ўсе астатнія пасажыры правялі гэтыя пяць хвілін. А праз паўгадзінкі я ўпершыню ў жыцьці трапіў у затор, але не аўтамабільны, а самалётны. Куча-мала італьянскіх самалётаў, ніяк не магла разабрацца, каму першаму вырульваць на разгон. Яшчэ назіраньне: італьянскія пілоты неяк больш ліха, чым астатнія, узьлятаюць і сядаюць. А італьянскія пасажыры, адпаведна, часьцей жагнаюцца пры ўзьлёце і пасадцы. :)

А вось на самой Сардыніі пачаліся суцэльныя прыемнасьці. Абмяжуюся адным дробным факцікам. Хаваюся ад дажджу ў маленечкую кавярню і замаўляю ў гаспадара віна. Ён у адказ частуе келіхам свайго хатняга. І тут я меў неасьцярожнасьць пахваліць. Хвіліны не прайшло, як ён выносіць мне два літры ў падарунак. Ну і як тут застанесься цьвярозы! :)