September 11th, 2009

canabis

Аміран (Пака) Сьвіманішвілі

55.80 КБ

Бязьмежна рады, што на пленэры ў Паланзе ўдалося пазнаёміцца з прыўкраснымі грузінскімі паэтамі. Некалькі перакладаў Давіда Рабакідзэ я ўжо вывешваў тут і тут. Пераклады Георгія Нахуцрышвілі зьмясьціў у сябе Віталь Рыжкоў. Зараз маю гонар прадставіць некалькі перакладаў Амірана Сьвіманішвілі. Прашу любіць і шанаваць. :)


ІСФАГАНЬ

сьпёка страляе ў паветра тваёй відзежаю
і нараджае нанава ўсё, што ёсьць
белых ягнятак вядзі каралавай сьцежкаю
сёньня твой госьць – душэўная весялосьць

поўнае ймя адкрый мне ў дыханьні ружы
ўразь жахлівай маланкай да глыбіні
проста ў сьвятло, што бясплотным садам акружыць
пасам дарог азораных загарні

хай мінарэт за каменным схіліцца мурам
хай бірузой згушчаюцца міражы
выплыве поўня, быццам міндаль са скуры
новае неба, і ў небе – раптам – стрыжы


* * *

першым болем сваім аддзяліся ад іншага болю
і калядная ноч разгавеецца срэбным звонам
у пашыраных зрэнках народзіцца сьвет – і даволі
будзе мёду, гвазьдзікі й карыцы ў віне чырвоным
хай салодкія пахі абудзяць эдэмскіх пчолаў
распусьці нявіннаю фарбаю сьмерць у жыцьці
і сябе прынясі ў ахвяру, схіліўшы голаў
на падлогу халодную чысты блакіт упусьці
шасьцікрылае неба прымае нас падарункам
паскараецца час і сьвятло ў вірох яго тоне
і сукенка твая спаўзае зь ценю карункаў
беласьнежнаю кветкай – на самым краі бяздоньня


* * *

Сена
на цёмным грунце
з гарачай рукі зрываецца Амедэа
Мадыльяні
кавярня
тонкая лінія
шэпча на поўныя грудзі
Афрыка
сьцёгны зямлі ахвярныя
невычарпальны рытм
дым халодны канабісу
з ранішнім лазурытам
згрызот нецярплівы жэст
твар сябра
і
Пэр-Ляшэз