August 27th, 2009

canabis

Дзясятка запаветаў для маладых паэтаў

Далучаюся да флэш-мобу аднаго вядомага маладога пісьменьніка, які прыставаў да празаікаў, мастакоў, блогераў і г.д., каб яны падзяліліся нейкімі дзесяцьцю запаветамі, якімі кіруюцца ў сваёй творчасьці.

Ніжэйшы тэкст зьявіўся ўчора ў тыднёвіку "Наша Ніва". Усе запаветы выглядаюць падазрона знаёмымі. :)


1. ХАЙ НЯ БУДЗЕ Ў ЦЯБЕ БАГОЎ,
акрамя хараства радкоў.
Але нават з тых, што выйдуць прыгожа і шчыра,
НЕ РАБІ, калі ласка, КУМІРА.

2. НЕ ВЫМАЎЛЯЙ ІМЯ ГОСПАДА, БОГА ТВАЙГО, МАРНА:
банальныя рыфмы наогул гучаць бяздарна,
ды асабліва шкода нябог,
што бяздарна рыфмуюць “Бог”.

3. ПАМЯТАЙ ДЗЕНЬ СЬВЯТЫ,
толькі суботу сваю вызначаеш ня ты.
ШЭСЬЦЬ ДЗЁН ПРАЦУЙ І РАБІ ЎСЯКІЯ ДЗЕІ ТВАЕ,
покуль муза не дастае.
А ў “суботу” прычэпяцца зь нейкаю працай –
пасылай іх і музу мацай.

4. БАЦЬКУ СВАЙГО І МАЦІ СВАЮ ПАВАЖАЙ –
і будзе ўчынкам тваім умалот і ўраджай,
але графаманіць пра маму – вялікае гора:
ня ў кожнага выйдзе ня горай за дзядзьку Рыгора.

5. НЕ ЗАБІВАЙ сымпатычных герояў:
хопіць і тых, што празаік накроіў.
Лепей часьцей беражы сучбелліт
клавішаю “delete”.

6. НЕ ЧЫНІ ПЕРАЛЮБУ
з музамі папярэднікаў – высьцерагайся клюбу
для тых, каму за…
З табой – маладзейшая муза.

7. НЯ КРАДЗЬ –
рукапісы не гараць:
пяць хвілін пацешыўся плягіятам,
а пасьля твой унук адчувае сябе вінаватым.

8. НЕ КАЖЫ ІЛЖЫВАГА СЬВЕДЧАНЬНЯ, –
гавару маладому крытыку:
тусавацца – ня хопіць печані,
калі ж хопіць – ідзі ў палітыку.

9. НЯ ПРАГНІ ДОМУ творчасьці БЛІЗКАГА.
(Лепей – рыскага ці парыскага.)

10. НЯ ПРАГНІ ЖОНКІ ЧУЖОЙ, ні яе палюбоўніка,
НІ РАБА, НІ РАБЫНІ ЯГОНАЙ ахоўніка,
ні літаратурных мурынак,
што працуюць на іншы рынак.
А на розных ВАЛОЎ і АСЛОЎ
увогуле шкода слоў.