August 11th, 2009

canabis

Ўістан Х’ю Одэн

96.44 КБ

Некалькі гадоў таму пераклаў верш, але дагэтуль не задавальняла другая частка перакладу. Цяпер во вярнуўся й трохі паправіў. Дзякуй дарагой ivan_da_marja за грунтоўную кансультацыю, безь якой было б значна цяжэй. :)

Памяці Ў. Б. Ейтса
(памёр у студзені 1939)

І
Ён зьнік у зімовай сьцюжы:
Замёрзлыя ручаі, апусьцелыя аэрапорты,
Зьнявечаныя помнікі пад сьнегам.
Іртуць падала ў роце дня, што таксама канаў.
О, паводле ўсіх прыбораў,
Дзень ягонае сьмерці быў цёмным халодным днём.

Удалечыні ад ягонай хваробы
Ваўкі па-ранейшаму шнырылі ў хвойных гушчэчах,
Вясковыя рэчкі не спакушаліся модным гранітам,
Хаўтурныя словы
Хавалі ад сьмерці ягоныя вершы.

Але ж для яго гэты дзень быў апошнім,
Быў днём сядзелак і чутак.
Прадмесьці ягонага цела паўсталі,
Пляцы ягонага розуму апусьцелі,
Маўчаньне апанавала ўскраіны,
Плынь пачуцьцяў аслабла.
Цяпер ён – гэта толькі ягоныя чытачы.

Параскіданы па тысячах гарадоў,
Цяпер ён аддадзены цалкам чужым прыхільнасьцям,
Каб знайсьці сваё шчасьце ў тамтэйшых змрочных лясах
Ці быць пакараным па тамтэйшых законах сумленьня.
Слова мёртвага
Вандруе ў вантробах жывых.

Але ў клопаце й грукаце Заўтра,
Калі брокеры зноў, бы зьвяры, завыюць на біржы,
А бядняк, як раней, будзе жыць у прывычных пакутах,
І кожны, замкнёны ў вязьніцы самога сябе,
Будзе ўпэўнены, што свабодны, –
Некалькі тысяч згадаюць пра гэты дзень
Як пра дзень незвычайны.
Так, паводле ўсіх прыбораў,
Дзень ягонае сьмерці быў цёмным халодным днём.

ІІ
Ты быў такі ж, як мы; ўсё вытрываў твой дар:
Цялесны заняпад, кабеты-мэцэнаткі.
Ты стаўся песьняром Ірляндыі-вар’яткі.
(Хранічна хворае, як сьведчыць каляндар.)
Паэзія жыцьця ня зьменіць ні на волас:
Адвечным рэчышчам уласным, дзе няма
Падліку галасоў, плыве яна паволі з
Паселішчаў тугі ва ўбогі мэгаполіс,
Дзе верым у жыцьцё і гінем задарма,
Сама – жыцьцё і голас.

ІІІ
Сустракай, магільны лёх:
Ўільям Ейтс у глебу лёг,
Не замкне сваіх радкоў
У ірляндзкі дарасхоў.

Час, няўмольны барацьбіт,
Зрыне мужнага ў нябыт,
Бо ў цялесным харастве
Несьмяротнасьць не жыве;

Ды багоміць Мовы храм
І найлепшым песьнярам,
Хто пяе ў яе званох,
Час вянок кладзе да ног.

Час даруе пакрысе
Кіплінгу заганы ўсе,
Як за талент наўсуцэль
Апраўданы Поль Кладэль…

Скавытаньне воўчых зграй
Працінае кожны край,
Люты люд схавацца мкне
Ў варажнечы, бы ў труне.

Разумовай ганьбы вар
Бы апарыў кожны твар,
А спагаднасьці ачаг
Больш ня цепліцца ў вачах.

Дык зрабі, паэце, крок
У бяздонны ночны змрок,
Несучы хвалу красе
Ў гучным шчырым голасе.

Як садоўнік – працы плён,
Выгадоўвай верш-праклён
І, разьюшаны, паўстань
На людзкую неталань.

У пустэльню нашых душ
Жыцьцядайнай плыняй руш
І ў вязьніцы роспачы
Вольных гонару вучы.

Collapse )