August 9th, 2009

canabis

Класны літоўскі паэт

ДАНАТАС ПЯТРОШУС

57.38 КБ

БОГ ЦЕШЫЦЦА З МАЙГО ДОБРАГА АПЭТЫТУ

Калі я зразумеў, што мяне выпісваюць з Раю
я стаў есьці ўсе запар зялёныя яблыкі
зрываў колькі мог дацягнуцца, Госпадзе, калі мне даравана

абарані ад бачаньня: стрымлівай, каб ня сьпісваў
двоечнік, таго, што мяне заўтра чакае
бачыць зашмат я баюся ня менш, чым асьлепнуць

бо, Госпадзе, што мне да гэтых калекцыяў рэчаіснасьці
салодкіх пазычаных пачастункаў – засохлых пладоў і віна
калі мая кроў так ці йнакш застанецца салёнай – якой і была

што мне да гэтых пасьведчаньняў веры і ўласнасьці, ад усяго
адмаўляюся загадзя – толькі б нічога, што мне не належыць
ня ўзяць, не пакінуць адбіткаў пальцаў на клавіятуры

кампутара – тут, на Садовай, дзе кожнага ранку з чацьвертай
чуецца Рэквіем: струны электрадратоў
сьціраюць тралейбусы, быццам слой пылу са шкла; дзе ўсе мае спробы

спазнаць сусьветны лад рэчаў – адно абарваны
тэкст, раскіданы ў пакоі між перавязаных лістоў
нібы косткі з надкушаных яблыкаў, дзесь на стале

Моцарт у профіль глядзіць з аднаэўравае манэты
што не пасьпеў гэтым летам я ні памяняць, ні кінуць
з моста – ніякіх ня ўзьнікла жаданьняў, і нават ля мора

якое мяне – нібы сьмецьце – усё выкідала на бераг
як таго, хто ня меў досыць важкіх набыткаў, каб утапіцца, –
адно толькі жарсьць пакаваць свае рэчы ў бясконцыя падарожжы

зь нявыспанымі вачыма, праз шыбы тралейбуса чытаючы партытуры
застылага Рэквіему – за горад, у самы канец эдэмскага саду
пералезьці праз плот і прасіць: нахілі яшчэ, Госпадзе, хоць галіну

выбач, я выпраўляюся, я больш ня маю за што ўхапіцца


Collapse )