August 5th, 2009

nohi

Песьня пра беларускіх мужчын

Беларускі мужчына прыходзіць на сьвет у камарыных укусах замест радзімак
і таму добра ведае: дзе больш балотаў, там больш радзімы.

Беларускі мужчына ўмее апынуцца ў такой багне,
што адтуль ні халеры ня выцягнеш, але беларускі мужчына цягне.

Беларускі мужчына выдатна ведае дзесяць бульбяных страваў
і сто дзесяць адмазак ня чысьціць бульбы, бо мае шмат іншых справаў.

Беларускі мужчына жыве ў самым цэнтры Эўропы, калі верыць мапе:
ў гэтым цэнтры стаіць канапа і беларускі мужчына ляжыць на канапе.


Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.


Беларускі мужчына купляе машыну, прыгнаную з-за мяжы,
і другую палову жыцьця шчасьліва жыве зь ёй у гаражы.

Беларускі мужчына – футбольны фанат. Калі раптам заб’юць мазілы,
шматкватэрны дом патрасаюць пякельныя сілы.

Беларускі мужчына ня чуў пра паліткарэктнасьць ніколі
і таму жартуе так сьмешна, што лепей ня слухаць без алькаголю.

Кожны трэці п’е піва, другі кожны трэці – гарэлку, а трэці трэці
разумее: гарэлка бязь піва – грошы на вецер.


Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.


Беларускі мужчына падасьць жанчыне руку і набудзе кветак,
і аднойчы паабяцае не раскідваць па доме шкарпэтак!

Беларускі мужчына аматар праводзіць выходныя дома.
Часам выйдзе на дзесяць хвілін і вяртаецца ўночы. Дзе быў, невядома.

Засынае ў таксоўцы, што едзе дамоў, прачынаецца ў незнаёмым трамваі…
І нікому ня ясна, за што яго жонка трывае,

выбачае футбол і канапу, гараж і буханьне?
Беларускі мужчына – чысты аб’ект каханьня.


Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.