July 31st, 2009

nohi

Дзяды-6

 
СЬВЯТОЕ

А зараз не пра дзядоўнік. Зусім не пра тое.

На ўскрайку Чачэрску ёсьць возера з назвай Сьвятое.
Бабуля казала, на гэтым месцы калісьці была царква,
вялізная і надзвычайнага хараства,
якая аднойчы з усімі званамі пайшла на дно.
Кажуць, што часам у цішы тыя званы чутно,
а ў найясьнейшыя дні
макаўку можна разгледзець у глыбіні.

Мы там купаліся й проста культурна бавілі час.
Раз на выходных, за пару крокаў ад нас,
на прыбярэжнай траве сядзелі салдаты.
Двое дзядоў 
      (адзін зьлёгку, другі ўжо ня зьлёгку паддаты).
Трэці салдацік, які выглядаў, як дух,
апавядаў ім пра возера. Тыя слухалі ўдвух.

Як? Як ты кажаш? Званы зазьвінелі самі?
І патанула? З народам? З папом? З абразамі?
А абразы дарагія былі, як думаеш, Лёша?
Слухай, няхай малады іх дастане, а нам будуць грошы!
Чуеш, што кажуць? Давай! Што “нашто”? А на тое!
Правільна, Лёха! Загнаць духа ў возера – гэта сьвятое.

Тут Лёха сарваў зь яго шыі і кінуў у возера крыжык.

Плыві за ім сьледам!
              Пасьля нам раскажаш, дзе быў, чыжык-пыжык!
Хутчэй, а то зараз па галаве!

Дух разьдзяецца, заходзіць у возера, потым плыве.
Трохі адплыў, а пасьля пад вадой зьнікае.
І не вынырвае, сволач такая.

А ў тых кісла робіцца ў роце 
                        ад думкі, што скажуць у роце.
Крычаць, разьдзяюцца, ныраюць за духам…
                  А той незаўважна ўсплывае ў чароце,
хвілінку любуецца іх падводнымі танцамі,
сьмяецца, хапае адзежу й змываецца ў бок аўтастанцыі,
купляе квіток на КармУ, 
                 а пасьля ўсю дарогу псуе сабе кАрму,
бо мроіць пра возера, што затапіла б яго казарму.