July 23rd, 2009

canabis

Давід Рабакідзэ-2


КАХАНЬНЕ, СВАБОДНАЕ АД ПАДАТКАЎ

Калі мы зь ёй пазнаёміліся, яна 
заўсёды насіла з сабою:
дзіця ад першага шлюбу, пад майткамі шнар,
туш зь фірмовымі макам і лісьцікам, рамантычную
атруту ў моднай бутэльцы ды горыч, якую
высмактала ў кавярні, куды любіла 
хадзіць са сваім былым, і безьліч гатэляў,
дзе яна начавала ўночы і ўдзень.
Я натаваў гісторыі, шакаваны,
пасьля перачытваў іншыя – і выкідаў.

Вось жа, дзіця падрасло: цяпер ён мужчына.
Ніколі нікога ня слухае – мае CD.
Ведае добра пра косьці, што могуць дыхаць.
Сьмяяцца насустрач гадам, што яго вітаюць.
Пасьля працы адпачывае ў летнім доме і на таксоўцы 
возіць бацьку свайго – 
            аднаго са шматлікіх мужоў сваёй маці –
да ягоных бацькоў, якіх завуць спадар Гіха
і спадарыня Рыя – вось яны разам на здымку.
Ён таксама моцна, як любіць маці, кахае 
жонку сваю, хоць яна і танцорка, хоць часам
скупая на словы – 
              тады, у порце, прайшоўшы кантроль,
яна сказала, што паважае цесьця, і менавіта
таму заўсёды імкнецца накрыць на стол
і запаліць камін, калі ён прыходзіць.

Я часам выходжу ў сад падыхаць сьвежым паветрам, 
шпацырую з унукамі, часам кладу іх спаць, 
забываю пра горыч і даглядаю свой сад.
Яна больш ня мае згрызотаў і галаўнога болю.
Рамантычную тую атруту я выкінуў разам з бутэлькай.
Цяпер чакаю, калі прыйдуць госьці – спадар Сьвітанак 
і спадарыня Ноч, а яны спазьняюцца – як звычайна.


Collapse )