July 19th, 2009

nohi

Дзяды-4

ЯК Я ПРАВЁЎ ЛЕТА

Першыя ўрокі. Мусоліш аловак і сьцёрку.
Тэма на дошцы – пішы, як праводзіў ты лета.
Пішуць, казлы. Ты таксама хацеў бы “пяцёрку”,
толькі пра што тут пісаць, як раскажаш пра гэта?

Як ты глядзеў тэлевізар тайком ад бабулі:
над галавою імгненьні сьвісьцяць, нібы кулі,
ледзь нашы гол у адказ забіваюць шатляндцам –
бабця ў адказ прабівае па задніцы сланцам.

Як ты з набітых кашоў выкідаеш лісічкі: 
месца няма ўжо, а белых грыбоў усё болей.
Як літаральна за тыдзень зьмяняюцца звычкі
і геніяльна смакуе партвэйн дзядзі Колі.

Як па дарозе дамоў спатыкаўся, бы Чаплін.
Як, пачатковец-нудыст, ледзь ня зьмерз у Сажы 
і, каб сагрэцца, – ударыла ў голаў мача, блін! –
сена калгаснага стог падпаліў. Раскажы!

Як ты глядзеў у кіно “Чалавека-амфібію”,
рот адкрываючы прагна спайманаю рыбаю.
Ўражаны бацька назаўтра купіў табе ласты.
Славік зайздросьціў: “Тапелец, а не вадалаз ты!”

Як з Засажэўскага лесу дамоў на папутцы –
першы твой раз, як сказаў бы цяпер, аўтаспынам.
Як ад дажджу ў тэлефоннай хаваліся будцы 
з той, што пасьля назаве цябе сучыным сынам.

---

Дзе гэта ўсё? Аўтастанцыя. Ціша. Бязьлюдна.
Цераз пітомнік (бабуля казала “пітоўнік”) 
крочыш паволі. Зьмянілася ўсё абсалютна.
Толькі дзядоўнік, дзядоўнік, дзядоўнік, дзядоўнік.

Пафарбавалі ў зяленіва дом бабы Валі, 
вуліцу неяк бяздарна заасфальтавалі, 
роў закапалі – і не засталося сьлядоў.
Толькі дзяды, нібы ўнукі тых вашых дзядоў.