July 17th, 2009

nohi

Яшчэ кавалак з паэмкі

ОЛІВЭР ТВІСТ

Слухай, навошта агульны сшытак?
Могуць заўважыць, бо тоўсты, 
                        а па-другое, які зь яго ўжытак?
Выдраць старонку – дык прыйдзецца дзьве, 
                         і ў кішэню штаноў не пакласьці.
Ты зразумей, не ў памеры шчасьце!
Лепей блакноты красьці.

Тырыць блакнот трэба з сэнсам.
Скажам, вось гэты з букетам і сэрцам –
пасуе толькі дзяўчынцы
у занядбанай правінцыі.
Узяўся тырыць – давай нам 
з модным сучасным дызайнам.
Добра, хай будзе гэты, з камбайнам.

Спыняць на касе – сябруй з галавой. 
Скажаш, што гэта твой,
што носіш заўсёды з сабой, 
                       бо рыхтуесься так да дыктовак.
Для даставернасьці можаш стырыць вунь той аловак.

Не расслабляйся, потым яшчэ ў прадуктовы.
Гатовы?

Помні, ня суй пад майку пірожныя заварныя.
Потым ніхто не адмые.
Іншая справа – коржык.
Восем – пад майку, адзін – для алібі ў кошык.
А заварныя цягні адразу ў пакеце.
Дзесяць ня трэба. Саня цяпер на дыеце.

Шухер! Змывайся! Ды не туды.
З горкі і ў роў, празь дзяды…

Увесь у дзядах – гэта мінус.
Добра, паказвай, што вынес.
Кніжка? “Олівэр Твіст”?
Мне ў прэзэнт? Ты садыст?
Што мне рабіць з гэтым… Дыкенсам?
Мне без патрэбы. Выкінь сам.
Выбраў бы нешта з добраю назвай.
Схавай. Пацанам не паказвай!