June 12th, 2009

nohi

Із жызьні атдыхаюшчых

Суткі таму дабраўся зь сям'ёй да Балтыйскага мора, у Вэнтспілс. Усе хораша, але надвор'е магло б быць і лепшым. :)


* * *
Хлопчык купаецца ў моры.
Тэмпэратура +8.
Людзі думаюць: “Хворы?
Усе мы пад псіхаў косім!”

Плавае брасам і кролем.
Людзі крычаць яму: “Жэсьць!”
А ён ім: “Усё пад кантролем.
Учора было +6”.
canabis

Уладас Бразюнас

5.55 КБ Апошнія колькі дзён перакладаў падборку вершаў літоўскага паэта Ўладаса Бразюнаса. Вывешваю адзін зь перакладаў. Рэшту можна будзе пачуць і прачытаць у верасьні, у Менску і ў Вільні, на літаратурным фэстывалі European Borderlands.


псіхаскапія дзявятага неба

сьвятое трымценьне зірнуць не давала назад
на вусны, дзе ў вусьцішным часе танула дарога
на словы, якія блукалі й вялі наўздагад
няісных у сьвеце дзяцей, нежывога старога

на дне таямніцы, дзе з даўніх часоў ні душы
ляжала вялікая ноч, але хто і калі яе зьведаў?
ты чуеш, бярвёны ў капліцы сьпяваюць на мшы
бабуля жагнаецца ў кухні, працуе атрад караедаў

дагэтуль у тоўшчы зямлі, але гэты алей
але гэты сыр і плады, гэты хлеб наш надзённы
злачыннае тое віно, пахаванае як найдалей
тады яшчэ дыхала ліпкай крывёю чырвонай

сыходзіла ў пушчы здабыць у крыніцах агню
што кроў ачышчае багам, дыстылюючы ў чыстае крэда
ён нас паяднае бядою, якой не спыню
і белаю стане душа, як у страўніках крэйда

павук-папрадуха, пляцеш павуту сваіх кос
зь нявіннага цела, сатлелага цела багіні
сем тыдняў дажджу праліліся зь дзявятых нябёс
і кожны прыкуты да студні ад смагі загіне

туманіцца неба й сьціхае жыцьцё на зямлі
сьціскаецца горла і ногі нам путае страхам
я бачыў, асела магіла – і ўсе, што сышлі
празь сьцятыя вусны, 
       празь века труны, 
            праз засохлую гліну, 
                праз студню, набітую прахам

карэньнем растуць і ў вянкі заплятаюць, што ёсьць
грызуць камяні і заходзяць у брамы бяз стуку
так веды, старыя як ветах, нам ціснуць на грудзі, 
                                      ламаючы косьць
і цераз лазейку граху выпаўзае сястра іх гадзюка

так хіліць уніз, да зямлі, ад празьмернасьці сіл
і не дакрануцца да слова, што зробіцца справай
сем раз па сем тыдняў дажджу зарадзіў небасхіл
дзявятае неба, дзе сохнуць нічыйныя травы 
 

Арыгінал тут.