April 11th, 2009

nohi

Вацлаў Гавал, ганаровы сябра Беларускага ПЭН-Цэнтру

9.10 КБ

Колькі месяцаў таму Рада рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі ПЭН-Цэнтар” абрала ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтру Вацлава Гаўла, выдатнага чэскага пісьменьніка і грамадзкага дзеяча. Сябра Рады Ўладзімер Сіўчыкаў напісаў В.Гаўлу. Праз стан здароўя В.Гавал адгукнуўся не адразу, але днямі прыйшоў адказ, які ня можа ня радаваць:

“Прага, люты 2009
Дарагія сябры!

Я хацеў бы падзякаваць вам за абраньне мяне ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру. Для мяне гэта вялікі гонар. Мяркую, што Вы зрабілі гэта таму, што лічыце мае п’есы сугучнымі Вашаму разуменьню, што Вы знаходзіце ў іх пэўнае ўнівэрсальнае пасланьне, і што Вы ў пэўнай ступені падзяляеце мае погляды на жыцьцё ў таталітарным грамадзтве, а таксама таму, што Вы маеце падобныя да маіх адчуваньні адносна стасункаў чалавечай істоты са сьветам і яе экзістэнцыйнага страху перад разнастайнымі небясьпекамі, зь якімі яна сутыкаецца або сьвядома паддае сябе іх узьдзеяньню. Чаго яшчэ можа пажадаць сабе пісьменьнік? Я таксама ўсьведамляю, што гэта паспрыяе добрым дачыненьням паміж беларускай ды чэскай культурамі і іх узаемаўзбагачэньню, а таксама іх супольнаму ўнёску ў скарбонку эўрапейскай літаратуры, незалежна ад таго, знаходзімся мы сёньня ў Эўразьвязе ці не.

Ваш,
Вацлаў Гавал”