March 25th, 2009

chkalava

Са Сьвятам, шаноўныя!

начная свабода

начную свабоду сустрэну ў далёкай вандроўцы
а потым вязу празь мяжу кантрабандны тавар
начная свабода ня ведае правілаў руху і нават кіроўцы
вялікіх зялёных машын яе помняць у твар

начное свабоды ня знойдзеш у краме і храме
а той хто надумаў шукаць – адмарозак і псіх
начное свабоды ў прагнозах і тэлепраграме
няма бо свабода – начное кіно не для ўсіх

начная свабода ня гульні ў лядовым палацы
начная свабода ляціць міма кортаў у аўт
начная свабода з табой замярзае ў палатцы
а ты не сагрэеш бо ты не найлепшы бойскаўт

агонь запальнічкі асьвеціць свабоду начную
захочаш сказаць ды запнесься губляючы ніць
яна пачастуе гарбатаю і цыгарэт прапануе
і я ўпершыню пашкадую што кінуў паліць

начная свабода сьпявае паскуду й герою
і той хоць ня ведае словаў паўшэптам пяе
начная свабода прысьніцца аднойчы і кожнай парою
і кожнаю пораю году чакаеш яе

над змрочнаю зонай лунае пакуль безназоўнай
адно выпадковы самнамбула выгукне: “ваў!”
прыўкрасная жабка ці зробіцца ўрэшце князёўнай
зьдзяйсьняючы мары таго хто чакаў і трываў?

сакавік 2006