February 8th, 2009

nohi

Яшчэ адна байка пра электрычнасьць :)

Агні вялікага гораду

Зранку па горадзе бегае журналіст і задае ўсім пытаньне: “Дзе б вы разьмясьцілі квартал чырвоных ліхтароў, калі тое, пра што мы ўсе мроім, раптам легалізуюць?”

Сівы шляхетны паэт ажыўляецца і прапаноўвае месца ля парку на ўзьбярэжжы, якраз за будынкам цырку. “Там ціха і ўтульна, вельмі было б хораша!”

“Ага, і ў цырк можна не хадзіць”, – хіхікае яго спадарожніца.

“Во-во, ліхтароў! – далучаюцца дзьве школьніцы. – Можна ня толькі чырвоных, а яшчэ ружовых, блакітных! Ды паболей! А то ў нас на раёне зусім цёмна, покуль дадому дойдзеш – усе ногі маньякам паламаеш!”

“А галоўнае, – улазіць бабулька, – высока гэтыя ліхтары павесіць, каб ніводная сволач зь іх лямпачкі ня выкруціла, а то мой сусед...” – і пайшло-паехала.

“Перад казармай, ля вялікай брамы..." – цытуе студэнт-германіст. – "Заадно і праблемы з прызывам вырашым”.

“Нічога мы ня вырашым! – нечакана выбухае паненка ў вялікіх акулярах. – Усё адно ўсе мужыкі – казлы, і ніякія ліхтары ім не дапамогуць! Я вось была нядаўна ў Амстэрдаме на фэмінісцкай канфэрэнцыі. Дык арганізатарка расказала вось што.

Прыходзіць неяк у квартал дзіўны чувак. Зь ліхтаром у руках. У яго пытаюцца, чувак, ты чаго тут зь ліхтаром шукаеш? Дык ён ім так адказаў, што пасьля ўсе дзяўчаты, а заадно й трансвэстыты, тры кварталы гналі яго з крыкамі: “Запомні, цынік, жанчына – таксама чалавек!”

І тут ты разумееш: шукаць і нават знайсьці – гэта яшчэ ня ўсё. І абяцаеш сабе купіць кішэнны ліхтарык. Бо ты не карыстаесься ні запальнічкай, ні мабільным тэлефонам. А чым яшчэ, падняўшы над галавой, сьвяціць, калі знойдзеш яго/яе?