January 30th, 2009

nohi

Тэксьцік з карцінкамі

(клікаць у патрэбных месцах :))


Сабака горнай пароды

Ад гэтых горных жывёлінаў абсалютна ўсяго можна чакаць! Узяць, напрыклад, горнага зайца...

Ды не, я амаль не жартую. Едзем мы, едзем па вузкай готландзкай дарозе, зьлева высокая скала і справа такая ж, а між імі двум вараскім чаўнам не разьмінуцца. Ну адкуль там каму ўзяцца? Як раптам...

“Заяц!” – крычыць кіроўца нечалавечым голасам. Амаль перад нашым аўто, нават тармазоў спалохацца не пасьпеў.

А час такі вечаровы, што ўжо нават ранішні. Як той казаў, між ваўком і сабакам. Ну і заяц паводзінамі туды ж, ні дзікі, ні свойскі, якраз паміж “я выбіраю свабоду” і “хто тут апошні пад колы”.

Толькі мы падумалі, што заяц перад чэскай “шкодай” – дрэнная прыкмета, як за ім – другі, а праз пару хвілін – трэці. Тры горныя зайцы – гэта якая прыкмета?

Але сёньня ніхто ўжо нічому не зьдзіўляўся. 11 км ад Вісбі – і ты сам дазнаесься, што бывае між ваўком і сабакам. Ды што заўгодна! Хоць заяц, хоць салярная сымболіка, хоць старажытны човен. І ўсё ў горнай пародзе, на сьценах мясцовай кірхі.

Уявіце, рунаў яшчэ не было, а зайцоў на камянях – колькі заўгодна, і гэтых дзіўных, між ваўком і сабакам, таксама. Такому сабачку нашае кола – што ў ваўка перакінуцца. І назад. Яго ўжо двойчы колам пераяжджала. Спачатку салярным. І адразу колам гісторыі.

Бярэцца, скажам, чэсны дахрысьціянскі камень, а на ім ты, паганец, між ваўком і сабакам, ды ўмуроўваецца ў царкоўную сьцяну, як цытата ў цэнтон. А побач з табой і жывёльны сьвет першабытнага Готланда, і салярныя колы, і караблі, на якіх варагам ня ў грэкі плаваць – у старажытныя эгіпцяне.

Пра зайцоў нічога не скажу, а гэты ля самых дзьвярэй, каменны, уваход пільнуе, сабака горнай пароды.

І толькі ўначы, стаміўшыся ад салярных сымбаляў, выходзіць з каменю.

І вые на месяц.
nohi

Тост

Вецер размазвае ікорна-крэвэткавае масла хваляў па халодным тосьце пляжу. Цяпер не сэзон, тостэр не працуе, і ты мусіш сам разагрэць свой “сьняданак турыста”.

У бакавой кішэні заплечніка пляшка з фантазіяй ад “Марка Пола”, а вось бляшанка з памяцьцю той жа фірмы ўсё ніяк не адчыняецца. Як жа працуе дурацкая адкрывалка? (Гэта табе не паэтычныя фэстывалі адкрываць, няўмека!)

Парэзаўся, але, здаецца, пайшло, умыкаеш наступную хуткасьць і разганяесься па сваёй паласе пляжу, пляжу, пляжу.

Цёмна-брунатны шнур водарасьцяў цягнецца, як дарожная разьметка, каб ты не высоўваўся на сустрэчную, бо можа зьбіць хваля.

Порт, як баксэр-ляўшун зь дзьвюма крывымі лапамі молаў, заняў правабаковую стойку, але цяжкі паром зьлева ўсё адно прапусьціў. Ветракі на горцы гучна запляскалі лопасьцямі, а домская кірха дала фінальны гонг.

Вось жа, трэніруйся, увесь час павышай нагрузку. І ты гоніш. Буксуеш у жвіры, зьяжджаеш уніз, да вады, па каменьчыках, пералятаеш ручай, спатыкаесься аб штучны вадаспад, разганяесься на простых шыльдах і ўказальніках, прыціскаеш ручны тормаз на кропках над “ö”.

Але каляровы шэзлонг на пляжы! У гэтым месцы ты проста тупа тармазіш. Шэзлонг узімку?! Якія паўночныя алені бяруць тут сонечныя ванны? Можа, тыя самыя, што ўжо разьвезьлі ўсе падарункі, а рыхтаваць сані летам ім покуль яшчэ рана? На ўсякі выпадак, не сядаеш, баючыся патрывожыць гаспадара.

Каменныя слупы-раўкары. Злыя інтэрнэт-языкі пляткараць, што гэта зачараваныя дзяўчаткі, якія пагрэбавалі сваімі фальклёрнымі жаніхамі. Дапатопныя фэміністкі. Пра патоп ты ня ведаеш, а вось даледавіковыя – гэта дакладна.

На тле незямнога каменнага краявіду выспы Фаро яны выглядаюць, нібы першыя жанчыны-касманаўткі ў нязручных скафандрах з вапны. Або вадалазкі, што падняліся з мора – і ўся выспа разам зь імі.

Хто ведае, можа, камэра славутага рэжысэра фіксавала менавіта іхныя палёты й заплывы?

Згубіўшы ў касьмічных каменьчыках адно шкельца акуляраў, ты шукаеш яго праз другое, так, нібы разглядаеш марсыянскую паверхню ў тэлескоп, потым знаходзіш, і нарэшце выцягваеш пляшку, адчыняеш бляшанку – і фармулюеш тост.

“За оптыку!.. Не. За оптыку, памяць і фантазію! – выкрыкваеш ты і гучна чокаесься з рэхам. – За Марка Пола!”

Суворыя каменныя фэміністкі трохі не дачулі на вятры, але ледзь заўважна заківалі. Хто-хто, а яны ведаюць, што МАРКА ПОЛА – гэта сьвятое, і марку гэтую трэба трымаць!

111.87 КБ