January 29th, 2009

nohi

Акрамя

Зраніцы сьвежыя туліпаны на стале – і так увесь студзень.

Смак гарбаты з бальзамам, пах грэйпфруту і адразу ж за ноўтбукам – акно з выглядам на...

Дарэчы, магла быць і кава. Паўдня шукаў кавамолку, а знайшоў толькі пару вялізных ветракоў па дарозе з порта, у які ўпадаюць скандынаўскія паромы, з аднаго боку, і маленькі горны ручай – з другога.

Крывыя нізкія сосны паўз дарогу, усе як адна схіленыя ўправа, так што табе на сэкунду здаецца, быццам гэта твой ровар нахіліўся і сам зараз кудысьці ўпадзе.

Байніцы ў сераднявечных мурах і дзіркі ў скалах, празь якія відаць...

Але ты рэагуеш на крык і завісаеш, гледзячы, як чайка сядзіць на камяні, быццам помнік невядомай чайцы.

Як летні аквапарк стужкай Мёбіюса выгінаецца пад сьнегам, быццам узор мясцовага неўтылітарнага мастацтва.

Як лебедзі зьяўляюцца з прыцемак, нібы прывіды, парамі патрулюючы бераг.

Як на пірс выходзіць цёмнаскуры швэдзкі рыбак, што, здаецца, адзіны ў гэтым горадзе не глядзеў інаўгурацыі прэзыдэнта ЗША, бо яму цікавейшае тое, як...

Ледзь прыкметная сьцежка для аматараў экстрыму, стромая настолькі, што ты, ускараскаўшыся наверх, быў падумаў, што ня зможаш спусьціцца назад, і тут жа ўбачыў абсалютна цывілізаваныя сходы, што былі зусім побач.

Ты сам, які ў гэты момант, гайдаючыся на дзіцячых арэлях амаль над вадой, здымае зубамі адну зімовую пальчатку ды так і трымае яе ў зубах, спрабуючы хутка занатаваць усё навокал і нават...

Усё занатоўваецца на дзіва лёгка.

Усё, акрамя мора.