January 27th, 2009

nohi

Да мора...

З паўгады таму напісаўся вершык . Гэты выглядае на працяг. :)
 
выйсьці да мора лепш уначы, каб водарасьці
нос казыталі здалёк, і ў гэтым водары йсьці

боты поўныя жвіру, вушы поўныя хваляў
сёньняшні на стакгольм яшчэ да зьмярканьня адчаліў

і на краі далягляду зьнікаюць агні парому
мора ня бачыў паўгоду, ці ўсё ў яго па-старому?

ці сумуе ў разлуцы па сухапутным сябры?
гэты камок у горле ці ператворыць у жабры?

гэта нібы каханьне, расстаньне, трываньне 
                           і ўрэшце ня ў рыфму – шлюб
нехта прамовіць тост, нехта ціхенька хлюп

потым (хочуць як лепей, выходзяць прыкрасьці)
будзеш яе шукаць, бо пасьпеюць выкрасьці

каб ім было што згадаць, вас пафоткаўшы для альбому
толькі табе па-любому і ёй па-любому

хутка знаходзіш, бярэш за руку і вядзеш у змроку
крочыш празь цемру, зьдзіўляесься кожнаму кроку

мацаеш лесьвіцы, дзьверы, ня ведаеш, хто вы цяпер і дзе
ды адчуваеш, усё ў вас наперадзе
зараз яна вядзе

трапіць, ня бачыць нічога, 
               але на ўсе сто давяраць нявесьце
а прачнуўшыся зранку – пераканацца на дзьвесьце