January 25th, 2009

nohi

Скарбонкі

  

Неяк быў добры настрой у паэткі Марыйкі.  
Падаравала мне тэму – сцэнар шматсэрыйкі,
каб атрымаўся блякбастэр для роднай старонкі:
шмат пэрсанажаў і ўсе, уявіце, скарбонкі.

Сьвінка-скарбонка стаіць на высокай паліцы.
Гладкая шчэць з парцаляны, ня трэба галіцца!
Для ўзнагародаў і прэміяў дзірачка ў сьпінцы.
Праца для бацькаўшчыны падабаецца сьвінцы.

Быць ці ня быць ёй скарбонкай – вагацца ня варта: 
стаць капіталу надзейным прытулкам і вартай,
на жабракоў спачувальныя кідаць пагляды...
Сьвінка ня ведае, што пасьлязаўтра Каляды.

Гуся-скарбонка худая, на сьвяты ня зварыш.
Сьвінку-скарбонку ня любіць: яна – не таварыш!
Нешта прыток эўрацэнтаў зусім прыпыніўся.
Трэба даведацца, што там у хлопчыка Нільса?

Хлопчык-скарбонка глядзіць на скарбонку-дзяўчынку: 
трохі манэтак сабраў для рашучага ўчынку,
ды сумняецца, ці зробіцца жонкай харошай
тая, што больш за цябе атрымоўвае грошай.

За трысьняговаю шырмаю гейша-скарбонка,
у кімано, каб усе зразумелі – японка.
Ёй самурай або проста скарбонка-ваенны
ў дзірку дысцыплінавана засоўвае ены.

У парыках і жабо два скарбонкі-музыкі.
Геній-скарбонка празь дзірку прымае пазыкі 
і асуджальна глядзіць на скарбонку-злачынства:
ставіць сябрам – гэта cool, а атручваць іх – сьвінства.

Гора-скарбонка, ад голаду хутка расколецца,
грошай ня копіць і богу скарбонак ня моліцца,
бо – Звышскарбонка. Паверыла ў гэтую мульку –
і разьбівае сякерай скарбонку-бабульку.

Шэраг рэальных герояў – тут робіцца горача:
ад Каліноўскага да Аляксандра Рыгорыча.
Мэгаскарбонак шкляны палітычны зьвярынец:
Пуцін, Абама, Фідэль, Сарказі, Севярынец...

Ад сьвінапаса-скарбонкі скарбонка-сьвінарка
зьбегла ў камуну скарбонак да хіпі і нарка.
Ад сьвінапасавых крыкаў трашчаць перапонкі:
“Хрэн зь ёй, са сьвінгершай, ДЗЕ МАЕ СЬВІНКІ-СКАРБОНКІ!”