January 24th, 2009

nohi

Не трамвай

 

калісьці пра ўсё, што рухаецца, 
                  казаў: “не трамвай – аб’едзе!” 
бо ўсё, што тады аб’яжджала, рухалася цішэй
цяпер ён так не грукоча: ці мне mp-3 мядзьведзі
наступілі на вушы, ці ён – у аб’езд вушэй

там вокнаў не выціскалі сьледам за выдраным шнурам
а толькі з дазволу кіроўцы, прычым яго малатком
ніколі ня бачыў, хоць шмат сачыў за кіроўцам панурым
а вось разьбітыя шыбы ў жыцьці назіраў часьцяком

на задняй пляцоўцы ў трамваі была чароўная скрыня
зраніцы па дарозе на трэніроўку ў манеж
сядзеш – і вешай на вушы лене або марыне 
а ня ўразіш лапшою, то хоць сам не засьнеш

у маёй спадарожніцы вусны ў салодкай атруце
сябра казаў: “яна ж страшная! дурань, ты што – асьлеп?”
потым яна сап’ецца: на чацьвертым маршруце
папрацуеш кіроўцам – ведаеш, што за хлеб

па ліманад у краму – як гульня прызавая
у безьбілетных кішэнях зьвінела лішняя медзь
а што было ў скрыні на задняй пляцоўцы таго трамвая
яе спытаць не даўмеўся, самому ж не зразумець