January 22nd, 2009

nohi

Дзесяць спосабаў быць выцягнутым з ложка дзяўчыны

 
 
Ты ўжо разьдзеў і цябе ўжо разьдзелі.
Хто ж цябе выцягне зь цёплай пасьцелі?
Шмат перашкод у інтымным жыцьці.
Спынімся на дзесяці.

Першы спосаб банальны. Сусед прыходзіць пазычыць крэслы
для застольля, а заадно й запрасіць на бяседу.
І нецярплівы чытач, што чакае тут рыфмы “чрэслы”, 
будзе расчараваны – яна адчыніць суседу.

Другі. Разам з ложкам вы расхісталі й кніжную шафу, 
                                               і – бля-
кбастэр зь бібліятэкай адразу даходзіць да кульмінацыі,
бо зьверху на вас сыпецца поўны збор з творамі Васіля
Быкава. Першыя шэсьць тамоў. Добра, не чатырнаццаць!

Трэці. Ты заўважаеш, што вас у пакоі ня двое: 
хтосьці варожа шыпіць за стосікам “Нашае Нівы”.
“Гэта мой коцік, – тлумачыць яна, – бо я люблю ўсё жывое”.
І, выціраючы кроў табе з твару: 
                           “Ну так, ён вельмі раўнівы”.
 
Чацьверты. Усё было клас. Яна грызла падушку зубамі. 
Толькі ў самы разгар інтымнасьцяў вашых:
“Стой! Там жа інаўгурацыя прэзыдэнта Абамы!
Пойдзем глядзець! Што значыць “лепш ідзі да мяне”? 
                                           Ты фашык?!”

Пяты. Звоніць мабільнік. “Танечка, прывітаньне!
Так, толькі вельмі хуценька. Я размаўляць ня ў стане”.
І размаўляе гадзіну, радасная, як слон.
З гора вылазіш з ложка і йдзеш глядзець біятлон.

Шосты. Толькі яна прашаптала: “ну ўсё, цяпер я цяжарная”,
як вас, уварваўшыся ў дом, паліваюць са шлянгаў пажарныя.
Паўбудынку згарэла, і ты вінаваты, паўночны каўбой:
сьвечку запальвалі? Трэба гасіць за сабой!

У параўнаньні зь сёмым, папярэднія – дробязі,
бо яна, пасярод любошчаў, кажа: “З табой так добра!
Зраніцы напішу пра гэта ў жывым часопісе...”
Ты ўцякаеш так хутка, быццам у ложку – кобра.

Восьмы. Суворыя людзі ўламіліся ў хату пад раніцу,
і забіраюць, але не цябе, а тваю абраньніцу.
Трэ было ў войска самой ісьці, як сяброўкі раілі.
Ледзь не забыў: падзеі разгортваюцца ў Ізраілі.

Дзявяты. Раптам – сьвятло і хтось шасьцікрылы з трубою.
Ты думаў, што апакаліпсіс і сьвету настаў хэпі-энд.
“Дзяўчына! У нашай галяктыцы ўсе трызьняць толькі табою!
А ты брысь адсюль, распусьнік, ты лішні тут элемэнт!”

Дзясяты – і самы надзейны – спосаб такі:
у дзьверы звоняць яе бацькі.