January 18th, 2009

chkalava

Фэстываль каляднага верша. Прамы рэпартаж :)

У гэтыя хвіліны ў Менску ў музэі Ваньковічаў адбываецца ўрачыстае падвядзеньне вынікаў КОНКУРСУ КАЛЯДНАГА ВЕРША. Як сябра журы апошні тыдзень чытаў і перачытваў увесь гэты пазытыў і проста харошую паэзію.

Неймаверна прыемна было ўбачыць сярод вершаў даўно знаёмыя і ўлюбёныя. Напрыклад, такі:
http://nutranyburatina.livejournal.com/53710.html

Альбо такі:
http://cvetnayakapusta.livejournal.com/28450.html

Альбо новую, палепшаную вэрсію даўно знаёмага:
http://rudy-de.livejournal.com/151252.html

Каб ня жорсткія абмежаваньні для журыстаў, абавязкова б іх чым-небудзь харошым узнагародзіў! :)

Усе творы ўдзельнікаў можна прачытаць тут (1 частка), а таксама тут (2 частка). Прыемным момантам было інтэрнэт-галасаваньне, якое дадало аб'ектыўнасьці вынікам.

Для тых, хто з тэхнічных прычынаў ня змог трапіць да Ваньковічаў, вяду прамы рэпартаж з вострава Готланд. :)

Абсалютнай пераможцай конкурсу (трыма галасамі журы) стала ВОЛЬГА БАЗЫЛЁВА зь вершам:

НАВАГОДНЯЯ НОЧ

Хоць лыжку бяры дый хадзі па двары,
Бы цукар, каштуючы снег навагодні.
У гэтай пары, як у кожнай пары,
Свой колер адметны – і неверагодны.

У свеце, дзе часта бракуе святла,
Такія сумёты – найлепшыя ноты.
Зіма са спазненнем, але ж надышла –
За колькі гадзінаў да Новага года.

Віна ўсім наліць. Спакваля запаліць
Чародку румяных васковых анёлкаў.
На белай зямлі, на цукровай зямлі
Дванаццаць імгненняў адлічваць ля ёлкі.

Пасля – віншаваць, абудзіўшы крышталь.
І грэць у далонях бурштын мандарынаў.
Здзіўляцца, ажно хвалявацца амаль,
Знайшоўшы пад ёлкай стракатую скрыню...

І быць, як усе. І ў той міг адчуваць,
Што ты шчаслівейшы за князя любога,
Таму што цярушыцца снег з рукава
Прасветлага і клапатлівага Бога...


Частка журы (Сяргей Пукст і Ваш пакорны слуга) вырашыла, што найлепшы калядны верш напісала Каця utterly_vague:

В РОЖДЕСТВО-2

зима это где-то между молитвами лыжного магазина о сне
ге и дворника о бесснежии. между когда ты зиму не хочешь и когда уже с не
й. зима это когда серебристая рыба взойдет на синем
и станет со-всем-просто
и ты вдруг проснешься от ощущения у которого нет имени
(как у места между верхней губой и носом)


Заслугоўвае ўвагі беларуская вэрсія, якую зрабіла сама Каця (так хораша, я нават падумаў, што пераклала Марыйка)

зiма гэта недзе памiж малiтвамi лыжнай крамы пра тры
ста тон сьнегу i дворнiка пра бясьснежжа. памiж калi ты зiмы ня хочаш i калі яна ўжо ўну тры.
зiма гэта калi срэбная рыба ўзыходзiць для нас
каб стала з-усім-проста
і ты прачнуўся ад адчуваньня ў якога няма назвы
(як у месца паміж верхняй губой і носам)


Сама Марыйка maryjka_ таксама бліснула. Па-мойму, у яе выйшаў адзін з двух найлепшых вершаў на конкурсе. З гэтым згодныя й тыя, хто браў удзел у інтэрнэт-апытаньні на vilka.by.

СЭРЦА СЬВЯТОГА СЫЛЬВЭСТРА

Ён прыцягне з гарышча плястыкавых
Мароза,
Сьнягурку
і рознае шкляное стар'ё.
Я захныкаю: “Навошта, Сільва?”
Ён адкажа: “Дзевушка, ё-маё!
Ялінка – гэта красіва!
Новы год, як-ніяк,
а ў цябе наперадзе яшчэ і Раство...”
Апранецца,
спусьціцца,
купіць у нейкага дзеда
ялінку ля ўнівэрсама –
і ўжо дома павесіць туды сваё сэрца
і сэрца І... ну, таварыша свайго аднаго.
І, няхай нябачна, маё там вісіць таксама.

Другі фаварыт інтэрнэту за верш пра трагічную сьмерць Дзеда Мароза - nutranyburatina. Мае віншаваньні!

У мяне была магчымасьць вылучыць 3 творы. Атрымалася болей, 4. Collapse )


Усіх віншую з самымі доўгімі на маёй памяці Калядамі! :)
chkalava

Майстар-кляс

А яшчэ арганізатары фэстывалю каляндага верша папрасілі павіншаваць удзельнікаў з далёкага далёка, напісаўшы нейкі зварот. Я дысцыплінавана напісаў. :)

 
Неяк сустрэў малады літаратар сябра. Сябра журы.
- Можна з Вамі пагаварыць?
- Валяй, гавары.
- Не, я хачу, каб Вы мне штось расказалі!
- Што, проста зараз? Вось тут, на вакзале?
- Добра, давайце зойдзем пагрэцца ў той вунь вагон.
Вы мне раскажаце пра якісь невядомы іншым закон.
Як дагадзіць пераборлівым музам?
Як жыў паэт за Саюзам? Як выжыць за Эўрасаюзам?
Я прачытаю свой твор, што на конкурс паслаў ананімна.
- Конкурс каляднага верша?
- Не, блін, дзяржаўнага гімна!
Хто там, скажыце, з Вамі яшчэ ў журы?
Хто малады і прасунуты? Хто непрасунуты? Хто стары?
Як спадабацца мне ўсім і перамагчы ў гэтым конкурсе?
Што яны п’юць? Шампанскае ці самагонку ўсе?
Разам паверым гармонію алгебрай і геамэтрыяй.
Сам бо я ў гэтым нічога ня петру.  
Але давяраю мэтру я.
Потым у тамбур разам сходзім да ветру.
Так, за душэўнай размовай, глядзіш – 
                               і даедзем да Маладэчна.
Згода?
- Ну, не. З маладым літаратарам зьвязвацца небясьпечна.
Ты ж, як я ведаю, слэмэр, нудыст, вычварэнец.
                             А я шчэ дружу з галавой.

І рызышліся: паэт Хадановіч – у свой бок, 
                        старшыня ПЭН-Цэнтру – у свой. 


Спачатку хацеў пра Дранько і Майсюка напісаць, а потым падумаў, што так нават прыкольней. :)