January 16th, 2009

nohi

Клясыка

 

Аб дзьверы яе хлапцы разьбівалі лбы, 
пасьля залізвалі раны з рыльца за ровам.
А сонца хавалася ў шатах яе вярбы,
а вецер ганяўся па лузе за ейным роварам.

Цёткі казалі: “Надта ж любіць сябе”.
Дзеўкі казалі: “Хопіць фарсіць, карова!”
Хлапцы маўчалі. Адзін выразаў імя на вярбе, 
іншы лісты пакідаў на багажніку ровара.

Дні цяклі, як заўжды: касьба, малацьба, 
рыбнадзор, браканьерства, схаваны бровар.
А малец пісаў у рыфму: “Вярба – судзьба”,
а іншы таксама ў рыфму: “Ровар – гейм овэр”.

Дзяўчыну зьвязуць у горад – і ўсё, труба!
Мужык яе, кухар (па-гарадзкому “шэф-повар”),
нядаўна купіў круты рэстаран “Вярба” 
і мае крутую тачку маркі Land Rover.

Палова вёскі нап’ецца – у знак журбы,
другая ўжо будзе пад мухай, а мух тут прорва...
А вецер пляце на прутках ейнай вярбы,
а сонца вяжа на сьпіцах ейнага ровара.

canabis

Чатыры паэты на відэльцы