January 15th, 2009

nohi

Пяць (і болей) рэчаў, якіх я ня ўмею

Ну вось, страшны флэш-моб (дзякуй Анцы й Віталю) дакаціўся й да мяне, а я, адпаведна, да ўдзелу ў ім. Нікому далей не перадаю, але сам сёе-тое занатаваў.
 
Апавядай, дзе канкрэтна злажаў у жыцьці.
Мы спавядаліся й ты нам скажы пару рэчаў.
Будзе нагода й праверыць, ці ўмееш лічыць да пяці.
Трэ было ўдаць, што ня ўмею. Але не пярэчыў.

Што ж, правяду, загінаючы пальцы на ўмелых руках, 
покуль да ног не дайшоў, па сумленьні экскурсію пешую:
плесьці ня ўмею ні гаплікам, ні на прутках,
шыць, вышываць, цыраваць, гатаваць. Гэта першае.

Есьці ня ўмею патроху і трохі лайдачыць, 
тэлефануюць – па колькі гадзін балбачу.
У інтэрнэт на хвілінку зайшоў, гэта значыць –
выйду адтуль не раней, чым туман уваччу.

Ігнараваць апытанкі, дурныя флэш-мобы, 
справай карыснай заняцца й ня гнаць тут пургу
мог бы. Павінен магчы і, у прынцыпе, мог бы...
А не магу.

Я па-ангельску лічу, як той герцаг падвескі, 
зь лічбы “трынаццаць” суцэльныя цемра і гул.
Я не магу на хаду напісаць смскі, 
бо смсак ня ўмею пісаць наагул.

Я анічога ня цямлю ў паветрыных зьмеях,
не абазнаны, як Дракула, ў групах крыві...

Кінь, гэта проста, бо гэтага шмат хто ня ўмее, 
гэтага й дурань ня ўмее. А ты нас зьдзіві!

Сон маладых вартаваць, як узброены сьвечкаю прывід,
класьці пад ёлачку дзеткам, што ў тундры накалядаваў,
з чыстай вады гнаць віно 
               і па моры прайсьці ў судаходны пэрыяд
можаш? 
      Ня ведаю. Не спрабаваў.