January 13th, 2009

canabis

Эўгеніюс Алішанка, працяг


curriculum vitae

нарадзіўся галодны
скончыў гульню ў клясыкі
з чырвоным дыплёмам мэлянхоліка
усё жыцьцё займаўся падзёншчынай
найбольшы працоўны стаж кішэннага злодзея
кароткі час быў сакратаром у аднаго бога
і далакопам у іншага
цяпер – сэзонны пісьменьнік
жыву адзін з жонкай і сынам
апублікаваў кніг больш чым напісаў
падаў дзясяткі заяваў
апэляцыяў і аплікацыяў
колькі тлумачальных запісак
сёлета адну для дарожнай паліцыі за якую атрымаў
узнагароду міністэрства культуры
пераможца ў маратонскім бегу чыгункай
шукаю працы па спэцыяльнасьці
пажадана бліжэй да зямлі
хоць бы пастухом
з акладам дудкі

Collapse )
chkalava

Ну, з новым! ці ўсё-ткі старым?

 
С+Н+Г

Калі Новы год стаў стары, 
                     ён сустрэў непазьбежнае з гумарам.
На пэнсію выйшаў. Засеў за чытаньне. 
                             Вывучыў слова “аксюмаран”.

Бо ён стаў такі ж, як гарачы сьнег або прафэсійны аматар, 
Другі Прэзыдэнт Беларусі й квадратны ілюмінатар.

Ён ведае ўсё, што ведае старасьць, і можа, як маладосьць.
Спытаюцца: “Ёсьць бухло?” Адкажа: “няма” і “ёсьць”.

Спытаюць пра сьпёку – адкажа: “У нас таксама залева”.
Ідзе направа – песьню заводзіць, і байкі баіць налева. 

Ён сьмела залезе ў палонку з варам, 
                       пятая кропка зробіцца тварам,
і брыдкая прыгажуня зноў стане прыгожым пачварам.

Ён нават прысьніў, што нейк удалося злаўчыцца –
і ён цяпер геній і, адначасова, злачынства!

Што ён сякера – і бабця-ліхвярка, 
              чарка і скварка, пастух і сьвінарка, 
цяжкая прамысловасьць – і сельская гаспадарка.

Яму за маральную шкоду дадуць трохі газу з усходу,
якога хопіць якраз да новага Новага году.

А ён зьмяшае “савецкі шампунь” і бальзам, 
                            два ў адной пасудзіне –
і вып’е за тое, што наша жыцьцё 
                     не канчаецца першага студзеня!