January 12th, 2009

canabis

Эўгеніюс Алішанка

8.56 КБ

Трохі тэкстаў майго добрага прыяцеля, літоўскага паэта Эўгеніюса Алішанкі.

Перакладалася з інфармацыйнай дапамогай самога аўтара. :)


чырвоная кніга

я езьдзіў з гораду ў горад
пытаючы
дзе жывуць самыя прыгожыя жанчыны
марты марыі дульсынэі
жаданыя і самотныя
на сёмым небе і на сёмым месяцы
мужчыны ня вельмі на гэтым зналіся
а я не даваў веры макіяжам мадэльных агенцтваў
зьбіраў чуткі плёткі скаргі
не абмінаў ні бардэляў ні касьцёлаў
не саромеўся й сам агледзець
мне былі патрэбныя дакладныя зьвесткі
пра папуляцыю што зьнікае ў эўропе
і толькі крыху захавалася ў яе ўсходніх
парослых лесам рэгіёнах

Collapse )
nohi

Ізноў хацеў пра мора, але...

КАТАПУЛЬТА

“Думаючы, што свабодны, ты нагадваеш кінуты камень, які думае, што ён ляціць”, – паўтараю я сьледам за Барухам Сьпізонам. І шпурляю ў мора каменьчыкі. Левай рукой, бо правая ў мяне занятая пачатай пляшкай яблычнага сідру.

“Дзіўны чалавек: жыў у Амстэрдаме, а не разумеў такіх простых рэчаў”, – думаю, адсёрбваючы з пляшкі, покуль каменьчык адскоквае ад вады.

Побач са мною на беразе – вялікая драўляная сераднявечная катапульта. Задумваюся пра свабоду ейных каменьчыкаў – і здаюся сабе маленькім-маленькім. І адразу згадваю пра дзіцячы садок, чароўную катапульту майго жыцьця.

Згадваю, як мяне выпускалі зь цёмнай кладоўкі, куды я трапіў у пакараньне, бо ўсю ціхую гадзіну, замест таго каб спаць, пяшчотна гладзіў руку маёй чатырохгадовай суседкі па раскладушцы, Лены Б.

Лена ня мела нічога супраць. Супраць быў Ігар К., таемна закаханы ў Лену, які заўважыў і адразу наябеднічаў выхавацельцы Зінаідзе Іваньне.

Зінаіда Іванна таксама ня мела нічога супраць, але й над ёй было начальства, таму выпусьціла мяне яна толькі перад прагулянкай, бо прагулянка ў садку – гэта сьвятое.

Радасна і ўрачыста, трымаючыся за рукі, як першыя людзі на зямлі, крочым мы зь Ленай Б. да пясочніцы. І тут нешта на касьмічнай хуткасьці ўразаецца мне ў галаву.

“Ой, бедненькі!” – вішчыць Лена, і задаволена кідаецца абмацваць мой гузак. А выхавацелька ўжо ляціць да нас з крыкам: “Хто гэта зрабіў?!”

“Зінаіда Іванна, гэта ўсё Ігар. Гэта Ігар кінуў у Андрушу каменем. А я ўсё бачыла!”

Гэта Таня Ж., таемна закаханая ў Ігара К., таемна закаханага ў Лену Б., ябеднічае на свайго чэрствага абраньніка.

Ігар К. атрымлівае ад выхавацелькі па поўнай праграме, а я краем вока бачу, як за найбліжэйшай клюмбай выхавацелька іншай групы цягне за вуха іншага малалетняга бамбізу, прыгаворваючы: “Ну нашто, нашто ты кінуў у таго хлопчыка яблыкам?” Усё бачу, але ўжо нічога не магу зрабіць.

І камень ляціць з хворай галавы на здаровую і – паводле закону прыцягненьня – ператвараецца ў яблык.

І адскоквае ёй проста ў рукі, і яна, вядома ж, спакушаецца, а потым надкусвае, глытае кавалак – і засынае.

Потым ты яе пацалуеш (калі захочаш). І ціхая гадзіна скончыцца.

Яна прачнецца.

І абодвух выганяць зь дзіцячага саду.


І пойдзе адлік завірух, заварух
і доўгіх сямейных саг.
“Як камень”, – кажа Ісаку Барух.
“Яблык”, – кажа Ісак.