January 11th, 2009

nohi

Шчыра хацеў напісаць пра мора,

а выйшла вось што.


DUTY FREEDOM

Шмат дзетак не дайшло сёньня да мора...

Спакойна, нічога жахлівага зь імі ня здарылася. Хутчэй наадварот. З маленькай гарадзкой сажалкі, што на паўдарозе да ўзьбярэжжа, раптам забіў фантан.

А з мора сёньня не забіла ніводнага фантану, так што якая ўжо тут канкурэнцыя? Дый птушак там цяпер не пакорміш.

А тут, вакол фантану, тры чвэрці паверхні сажалкі пакрыта лёдам, а тры чвэрці паверхні лёду – качкамі, чайкамі, галубамі і нават парай лебедзяў.

Усе соўгаюцца, коўзаюцца, сьлізгаюць, падаюць, устаюць, узьлятаюць, сядаюць, крычаць і нэрвуюцца, асабліва лебедзі, бо ведаюць: зараз прыйдзе іх мэцэнат.

І ён прыходзіць. На ім блакітная лыжная шапачка, зялёны спартовы швэдар, жоўтыя штаны ў абцяжку, белыя пальчаткі з адрэзанымі пальцамі й чорныя акуляры. У дадатак чырвоны цэляфанавы пакет з надпісам “duty free”.

У пакеце пяць буханак хлеба і дзьве бляшанкі рыбных кансэрваў.

“Д’ю-ці-фры! Д’ю-ці-фры!” – радасна крычаць дзеткі, а мэцэнат усьміхаецца ім і пачынае карміць. І рыбіны лятуць чайкам, хлеб – качкам, а вось галубы сёньня, здаецца, будуць сытыя сьвятым духам.

Зь лебедзямі выходзіць няўвязачка. Самая паскудная чайка перахоплівае ў палёце кавалак, што прызначаўся ня ёй, і кідаецца зь ім наўцёкі, бліжэй да сваіх.

А далей нечакана. Лебедзь не ляціць за ёй, а яшчэ вышэй падымае голаў, працягваючы служыць эталонам паэтычнай красы.

Чайка, трымаючы ў дзюбе буханку, большую за яе саму, тым ня менш захоўвае раўнавагу, малоціць па вадзе лапамі й не патанае.

Дзеткі шчасьліва рагочуць. Здаецца, нават фантан пачынае біць з падвойнай сілай. А дзядуля мэцэнат, складаючы ў кішэнь свой пакет “duty free”, чытае ім усім мараль.

Свабода – гэта калі ты плюеш на паход да мора, якога так доўга чакаў, бо на сажалцы сёньня цікавей.

Свабода – гэта калі нязручныя пальчаткі не замінаюць карміць хлебам і рыбай.

Свабода – гэта калі твой хлеб не далятае да цябе й набіты рот не перашкаджае пяяць лебядзіную песьню.

Свабода – гэта калі ты не замёрз ну хоць на чвэрць, і твая паверхня трымае, так што нават пажыральнікі крадзенай ежы ня тонуць, усё больш упэўнена рухаючыся па вадзе, пакуль табе не заткнулі фантан.