December 26th, 2008

nohi

ВЫХАВАНЬНЕ ПАЧУЦЬЦЯЎ

  
                     
                    І толькі ў хваляваньні скуб рукаў,
                    Калі цябе да дошкі выклікалі. 
                                      Рыгор Барадулін

Школа, дзе я вучыўся, была сярэдняй –
якраз пасярэдзіне між кальцавой і цыганскім пасёлкам.
Бяжыш папаліць у лясок, а там ужо вучні суседняй:
маглі пазнаёміць зь цёлкамі, маглі і аттырыць з толкам.

Ваенрук па мянушцы Дзот калашом наводзіў парадак, 
фізрук па прозьвішчы Пшонка
                 трапляў ува ўсе баскетбольныя кольцы,
піянэры на лесьвіцы ціскалі акцябратак,
піянэрак за шатняю ціскалі камсамольцы.

Школа ігнаравала нашы дурныя жарты.
Вучні ўдавалі, што не разумеюць кпінаў.
Але аднойчы мой аднаклясьнік 
                       запусьціў у настаўніцу партай –
і былі тыя, хто шкадаваў, што ён не дакінуў.

Мы добра ведалі, што ў нас называюць капустай,
а вось пра дзяцей у капусьце бацькі нам не расказалі.
У нас не было басэйну для знаёмства з распустай,
таму хараство дзяўчатак мы адкрывалі ў спартзалі.

Раз на фізры, калі мы ўсёй клясай поўзалі па канаце,
я завіс – ні туды, ні сюды – паміж падлогай і стольлю,
і ты раптам спыніла ўвагу на маёй клаўнадзе:
а хто там вісіць дагары нагамі й не наракае на долю?

Я пачуў тваё рагатаньне – і ляснуўся долу на маты.
Покуль Пшонка нешта крычаў, а пасьля перайшоў на маты, 
ты пяшчотна сказала “прыдурак”, унушыўшы адной ухмылкай,
што маё зьяўленьне на сьвет не было фатальнай памылкай.

Я ня мог да цябе павярнуцца сьпінай 
                                 і не наважваўся тварам,
адчуваў сябе закаханым у прыгажуню пачварам.
Сэрца білася ў захапленьні, 
                     варта толькі вачыма сустрэцца, як –
уваскрэсьлі боства й натхненьне, 
                          і жыцьцё, і сьлёзы, й эрэкцыя.

Каб цябе ўратаваць ад адказу з двойкаю немінучай,
я гатовы быў зьесьці твой дзёньнік 
                                і крэйду разам з анучай.
Я табе падказаў усе даты па гісторыі Грэцыі й Рыма,
а пасьля праводзіў дадому, і зранку чакаў пад дзьвярыма.

Мы езьдзілі разам трамваем, пасьля ў падземным вагоне
(якраз нядаўна пусьцілі мэтро), 
                            палілі ў цябе на бальконе,
на тваім дні нараджэньня я насьмяшыў тусоўку
і – вяршыня інтымнасьці – пазычыў табе насоўку.

Ты плакала – я выціраў. Ты мне казала: “Ня трэба”.
Казала, што хутка зьедзеш, бо тут савок і імпэрыя.
А потым: “Дурны, я кахаю іншага. Табе да яго, як да неба”.
Я паглядзеў на неба, халоднае, нізкае, шэрае.