December 24th, 2008

chkalava

Шчасьлівых Калядаў!

 

ШЧОДРЫ ВЕЧАР

Вечар на мытні. Католікі п'юць заварку. 
На ўкраінскай, вядома, сідають їсти.
На беларускай, магчыма, кульнулі чарку. 
Добра ім, бульбашам, яны атэісты. 

Сьнег на заставах такі ж, як у Вільні й Рызе. 
Зорнае неба гоніць думкі аб хлебе. 
У Эўразьвязе эканамічны крызыс: 
эканомяць сьвятло – і зоркі відаць лепей. 

Трое бадзягаў. Два зь візамі, трэці бязь візы. 
Твары такія, што можна крычаць: “горка!” 
Кажуць, па Эўраньюс выступалі ганцы зь Пізы, 
быццам на ўсход ад шэнгену гарыць зорка. 

Пэнсыянэр-фальксваген – нібы вярблюд аднагорбы. 
Фатаробат кіроўцы вядомы мясцовым уладам. 
На рухомую стужку складаюць свае торбы. 
На маніторы ў мытніцы: золата, сьмірна, ладан. 

Першы з пакетам прэзэнтаў. На пакеце багоўка. 
Ясна, што зь беластоцкага супэрмаркету. Пагаварым-с? 
Пан Бальтазарскі Караль, дзе ваша страхоўка? 
Мэта паездкі? 
             Пішыце “зорны турызм”. 

Вы, Мэльхіёрас Валхваўскас, пачаму без 
візы? Па ксэраксе?! Групавой?!! Трохгадовае даўніны?!!! 
Хто падпісаў дазвол? Генэрал-лейтэнант Анубіс? 
Так, харэ выдурняцца. Ну вы й зьвіздуны! 

Раптам: “Здароў, Касьпяровіч! Зямляк. З-пад Валожына. 
На Каляды дадому – у нашым стылі!”
Тут здараецца цуд, хоць і не паложана: 
ўсіх траіх – нават лабаса – прапусьцілі. 

Ражджаство ў Беларусі? Будуць прыгоды на сраку вам – 
падарунак для мага. (Валхва? Караля? Зьвіздуна?) 
Недзе над Ракавам 
                 вернікам і абыякавым, 
нібы зорка зь ялінкі, сьвеціць яна.