November 2nd, 2008

nohi

Аб’еўся КЛЁКАТУ

Казалі мне разумныя людзі, што бусел для беларуса – зусім ня простая птушка, а я, дурань, усё ня верыў…

Сёньня, рыхтуючыся да заняту й перачытваючы “Гамлета” ў перакладзе Ю.Гаўрука (сэрыя “Скарбы сусьветнай літаратуры”), знаходжу абсалютна чароўнае:

(І акт, 5 сцэна, здань Гамлета-бацькі Гамлету-сыну)

…Твой дзядзька дасачыў маю бясьпечнасьць
З праклятым сокам КЛЁКАТУ у шклянцы
І ўліў у вушы мне…


Стоп, думаю, нешта ня тое мне “ўліваюць у вушы”. Можа быць, “блёкату”? (Тое, што па-расійску “белена”.) І напраўду, у адпаведнай расійскай вэрсіі – “сок белены”. Але сіла бусьлінай прысутнасьці ў нашай літаратуры такая моцная, што карэктар (ну не рэдактар жа, рэдактарам там пазначаны В.Сёмуха, а дзядзька Васіль дакладна ведае, што такое блёкат і з чым яго ядуць!) без ваганьняў замяняе незнаёмае слова на добра знаёмае – і выходзіць, што ў бусьлінага клёкату ёсьць нейкі жахлівы сок, ліхое зельле,

Якое мае тую уласьцівасьць,
Што уядаецца адразу ў цела,
Бяжыць па жылах, як жывое срэбра,
І там згартае і тварожыць гвалтам,
Як воцат малако, людзкую кроў;
І ў той жа момант абрасло карою,
Пакрылася агіднымі струпамі
Маё ўсё цела…

Вось што робяць зь беларускімі карэктарамі буслы! Сапраўды, як той казаў,

Ёсьць болей зьяў на сьвеце, друг Гарацыё,
Чым сьніцца філязофіі тваёй!